Украінскі інстытут нацыянальнай памяці да стагодзьдзя абвяшчэньня Ўкраінскай Народнай Рэспублікі апублікаваў мапы ўкраінскіх зямель, выдадзеныя ў 1917 і 1918 годзе.
На ўсіх іх тэрыторыя ЎНР улучае частку заходніх і паўднёвых рэгіёнаў Беларусі — Мазыр, Лунінец, Пінск, Берасьце і Жабінку. Фактычна гаворка ідзе пра тыя мястэчкі, якія былі спалучаныя чыгункай, што у той час кантралявалі нямецкія ўлады.
У мапе, выдадзенай у Харкаве ў 1918 годзе, рысачкамі пазначаныя спрэчныя тэрыторыі Гомельскай вобласьці цяперашняй Беларусі і Бранскай вобласьці Расеі, наконт якіх улады ЎНР плянавалі весьці перамовы зь «беларусінамі» ды «маскалямі», як гэта пазначана на мапах.
Улады Беларускай народнай рэспублікі, якія ў красавіку 1918 года пачалі перамовы з УНР пра разьмежаваньне, настойвалі, што Палесьсе ёсьць беларускім этнаграфічна.
«Гомельшчына, Рэчыччына ды Мазыршчына бяз сумневаў заселеныя беларусінамі. Можна было б яшчэ гаварыць пра тое, каб паўночная ды ўсходняя частка тэрыторыі Чарнігаўшчыны была адпушчана Беларусьсю Ўкраіне, калі б Украіна са свайго боку ўступіла б бяз выключэньняў усю тэрыторыю Прыпяці ад ўліваньня яе ў Дняпро да ракі Уж, далей па прамой лініі на Влодаву. Тэрыторыя Прыпяці, што этнаграфічна належыць Беларусі, з эканамічнага пункту гледжаньня, ёсьць для яе (Беларусі) пытаньнем жыцьця і сьмерці», — казаў краўнік дэлегацыі БНР на перамовах з УНР Аляксандар Цьвікевіч 20 красавіка 1918 году.
У сваю чаргу дэлегацыя УНР спрабавала пераканаць БНР у тым, што чыгунчаная лінія «Пінск-Гомель» мусіць быць украінскаю тэрыторыяю.
Каб знайсьці «тэрытарыяльны» кампраміс, яшчэ адзін сябра беларускай дэлегацыі Сымон Рак-Міхайлоўскі прапанаваў: «Са стратэгічнага боку мы малі б дазволіць Украіне часова карыстацца чыгункаю Брэст-Бранск, але выключэньне зь Беларусі басэйна Прыпяці, Рэчыцы, Гомеля і іншых пунктаў могуць загубіць маладую Беларускую рэспубліку».