Суд у Маскве ліквідаваў фонд кампаніі Аляксея Навальнага

Мяшчанскі суд Масквы задаволіў патрабаваньне Міністэрства юстыцыі Расеі і ліквідаваў фонд «Пятая пара году», які забясьпечвае працу штабоў апазыцыянэра Аляксея Навальнага. Пра гэта паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода.

Прадстаўнік ведамства сьцьвярджаў, што падчас праверкі дакумэнтаў былі выяўленыя парушэньні ў статуце, у прыватнасьці, фінансаваньне арэнды памяшканьняў для перадвыбарчага штабу апазыцыянэра ў розных гарадах, хоць яго статутнай мэтай была падтрымка СМІ.

Акрамя таго, на думку прадстаўніка мінюсту, фонд парушыў патрабаваньне аб абароне пэрсанальных дадзеных. У ведамстве таксама сьцьвярджалі, што «Пятая пара году» зьбіраў сродкі ў біткоінах, што прадугледжвае ананімнасьць транзакцый, у той час як ананімным ахвяравальнікам забараняецца ўносіць грошы на рахункі зарэгістраваных кандыдатаў у прэзыдэнты.

На думку прадстаўніка фонду Навальнага ў судзе, Міністэрства юстыцыі не прадставіла ніводнага грубага парушэньня, якое магло б стаць падставай для ліквідацыі арганізацыі. Прыхільнікі Навальнага мяркуюць, што пазоў — палітычнае рашэньне, каб перашкодзіць працы штабоў апазыцыйнага палітыка.

Кіраўнік перадвыбарчага штабу Навальнага Леанід Волкаў заявіў, што суд «цалкам чакана задаволіў абсурдны пазоў Мінюсту».

Праз фонд «Пятая пара году» праходзіла вялікая частка плацяжоў на кампанію па допуску Навальнага да выбараў прэзыдэнта Расеі. Менавіта праз фонд праходзіла вялікая частка плацяжоў, якія паступаюць у якасьці ахвяраваньняў на выбарчую кампанію.

Згодна зь фінансавай справаздачай кампаніі Навальнага, усяго са сьнежня 2016 году яна атрымала больш ўа 275 мільёнаў рублёў ахвяраваньняў. Большая частка гэтых грошай была выдаткаваная на зарплаты супрацоўнікаў штабоў.

Навальны ня быў дапушчаны да выбараў прэзыдэнта праз прысуд па справе «Кіраўлеса». Цяпер штабы Навальнага працуюць як «штабы забастоўкі выбаршчыкаў», да якой палітык заклікаў сваіх прыхільнікаў.