Прэзыдэнт Эўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў заклікаў не пераймацца правамі чалавека ў Беларусі

Ілюстрацыйнае фота. Прэзыдэнт Эўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Янэз Кацыянчыч (у цэнтры), прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка (справа) і прэзыдэнт Алімпійскага савету Азіі шэйх Ахмад-аль-Фахд аль-Сабах

Прэзыдэнт Эўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў (ЭАК) Янэз Кацыянчыч даў станоўчую ацэнку падрыхтоўцы Эўрапейскіх гульняў 2019 году ў Беларусі і назваў саму сытуацыю з правядзеньнем гэтых спаборніцтва беспраблемнай.

У размове зь нямецкім радыё Deutschlandfunk Янэз Кацыянчыч заявіў, што «трэба ісьці туды, куды вас запрашаюць, а не займацца ідэямі падтрымкі правоў чалавека». Паводле яго, у Беларусі хочуць арганізаваць добрыя гульні і робяць усё для гэтага.

Кіраўніцтва Эўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў і раней адзначала пазытыўную дынаміку разьвіцьця спартовых інфраструктараў у Беларусі. Раней, падчас візыту ў Менск, генэральны сакратар ЭАК Рафаэле Паньёцы назваў «вялікім шчасьцем для эўрапейскага алімпійскага руху, што беларускі прэзыдэнт узначальвае і нацыянальны алімпійскі рух, і гэта дазваляе беларускаму спорту разьвівацца вельмі хутка і дынамічна».

Нямецкае радыё Deutschlandfunk пры гэтым адзначае, што прэзыдэнта Лукашэнку многія крытыкі называюць «апошнім дыктатарам у Эўропе».

Эўрапейскія гульні сваім алімпійскім характарам параўнальныя з Азіяцкімі ды Панамэрыканскімі гульнямі. Першапачаткова плянавалася, што пасьля першых Эўрапейскіх гульняў у Азэрбайджане другія, у 2019-м, пройдуць у Нідэрляндах, аднак краіна адклікала сваю заяўку.