Усе астатнія зьвесткі ёсьць у вікіпэдыі, а апісаньнем краявідаў і народу можна запаўняць цэлыя кнігі. Заўважу толькі, што дзесяць дзён мы правялі ў Хошыміне (Сайгоне), Фантх’еце і Муйнэ, а жылі пасярод рыбацкіх пасёлкаў раёну Кега. То бок, на поўдні краіны. Дык вось.
1. У Віетнаме няма анкацэнтраў
Здавалася б, пасьля амэрыканскай вайны зь яе напалмам і зарын-заманам мусіць быць процьма анкахворых. Так нібыта і было. На што дзяржава паставіла задачу знайсьці такія лекі, якія б рэальна ачышчалі арганізм ад заразы. І знайшлі. Адно што шукалі іх не на фармацэўтычных фабрыках, а ў лесе, у гарах і ў моры. Адметнасьць віетнамскай мэдыцыны добра бачная ў аптэках, дзе ўсе без выключэньня лекі — ня «хімія», а выцяжкі з арцішоку, з какосу, з мноства іншых расьлін, грыбы, сокі з алеямі і да таго падобныя рэчы прыроднага паходжаньня. На ўсе хваробы і выпадкі жыцьця. Усё настолькі ж эфэктыўнае, наколькі ўнівэрсальнае. Згадайце віетнамскую «Зорачку», якой і ў нас лекавалі амаль што ўсё.
2. Імпартазамяшчальнасьць
Там, праўда, так гэта не называецца. Проста Віетнам вельмі багатая краіна, там усё сваё. Вось варта зайсьці ў супэрмаркет, каб пераканацца ў гэтым. Поўная раскоша прадуктаў на кожную тэму. З імпартнага — толькі тое, чаго тут есьці традыцыйна не прынята, вось — ёгурт, ён нямецкі. І яшчэ — усё ня толькі сваё, а і сьвежае, сёньняшняе. Нічога вэнджанага, напрыклад, ці нейкім іншым спосабам кансэрваванага мы тут не пабачылі.
3. Хаос і гармонія
Тут віетнамцы — поўная супрацьлегласьць нам. Бо ў іх на вуліцах абсалютны хаос, зь якога нараджаецца гармонія дарожнага руху. Кожны едзе куды сабе хоча, галоўнае, што ўсе пры гэтым усіх адчуваюць. З парадку ніколі не нараджаецца гармонія, бо парадак якраз і зьнішчае патрэбную для яе глебу — хаос. А як вам тое, што статуі Буды тут у 1960-я гады ставіла само камуністычнае начальства? У тым ліку — самага вялікага ў сьвеце Буду, які сьпіць са свастыкай на грудзях. Вы скажаце — на ўзбочынах шмат сьмецьця? Затое ў грамадзкіх прыбіральнях паўсюль ідэальная чысьціня і… няма цёці, якая б забірала ў вас 50 капеек. Ну ніякага падабенства да беларускага ці то сацыялізму ці то капіталізму.
Усё, што тут засталося ад сацыялізму — беднасьць большасьці людзей, якія пры тым пачуваюцца шчасьлівымі, бо ім проста нічога ня трэба. Ні зімовай адзежы, ні цёплых кватэр, ні золата з брыльянтамі. А ежы хапае ўсім. Таму беднасьць, у адрозьненьне ад нас, тут не загана, а пазытыўны экзыстэнцыйны стан. Як пісаў Альбэр Камю, можна жыць у дупле сухадрэвіны і быць шчасьлівым.