19 студзеня суд Маладэчанскага раёну пастанавіў спагнаць з гаспадаркі «Хоўхлава» 35 тысяч рублёў і зь сярэдняй школы № 11 — 15 тысяч рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды на карысьць бацькоў 13-гадовай Вікторыі Папчэні, якая загінула 29 верасьня 2016 году пад коламі грузавіка на бульбяным полі.
Адразу ж пасьля трагедыі на полі незалежны прафсаюз РЭП дамагаўся, каб суд прызнаў факт працоўных адносінаў школы і гаспадаркі, тады бацькі маглі б атрымаць выплаты і кампэнсацыю за маральную шкоду, сказаў Свабодзе юрыст і праваабаронца Леанід Судаленка.
«Але спачатку Маладэчанскі раённы суд, а потым і Менскі абласны суд адмовілі, абгрунтаваўшы гэта тым, што дзяўчынцы не было 14 гадоў, а толькі поўных 13, заканадаўства ж забараняе працаваць дзецям да 14 гадоў. А гэта азначае, што не было працоўных адносінаў», — кажа спадар Судаленка.
Тады прафсаюз РЭП распачаў цяжбу, каб спыніць накіраваньне дзяцей на ўборку ўраджаю.
Прафсаюз прасіў, каб суд прызнаў адказнымі за жыцьцё дзіцяці дзяржаўныя органы, пачынаючы ад Міністэрства адукацыі і заканчваючы школай (у тым ліку і аддзел адукацыі Маладэчанскага райвыканкаму). Такую скаргу таксама не падтрымалі ні Маладэчанскі райсуд, ні касацыйная інстанцыя — Менскі абласны суд.
«Пасьля таго як дзяржава фактычна адмовіла, нам нічога не заставалася, як параіць сям’і Папчэняў падаць пазоў аб спагнаньні маральнай шкоды да аддзелу адукацыі, спорту і турызму Маладэчанскага райвыканкаму і да двух сельскагаспадарчых прадпрыемстваў — „Усход-Агра“, на полі якога працавала дзяўчынка, і „Хоўхлава“, якому належаў грузавік МАЗ, што наехаў на Віку. Суму вызначылі прыблізна такую, якую ў Беларусі звычайна атрымлівае сям’я загінулага на прадпрыемстве — 50 тысяч рублёў».
У пятніцу суд Маладэчанскага раёну вынес рашэньне аб спагнаньні з СПК «Хоўхлава» 35 тысяч рублёў, а са школы — 15 тысяч. Такім чынам, суд цалкам задаволіў пазоў і спагнаў агулам 50 тысяч рублёў на карысьць бацькоў.
29 верасьня 2016 году падчас уборкі бульбы пад Маладэчнам загінула вучаніца 8 клясы Вікторыя Папчэня — на яе наехаў грузавік. 23 сьнежня 2016 году кіроўцу Паўла Цыбіна асудзілі на 3 гады абмежаваньня волі. 12 ліпеня 2017 году настаўніц Вольгу Завадзкую і Ірыну Апанасевіч, абвінавачаных у неналежным выкананьні абавязкаў па гарантаваньні бясьпекі, жыцьця і здароўя дзяцей, што пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці сьмерць васьміклясьніцы Вікі Папчэні, прыгаварылі да 2 гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня ў месцы зьняволеньня і да штрафаў у памеры 100 базавых велічынь (2300 рублёў).