Турма за дзьве пары джынсаў: што засталося за кадрам фільма «Движение вверх»

Баскетбольны матч ЗША-СССР

Фільм Антона Мегердзічава «Движение вверх» пра перамогу зборнай СССР па баскетболе на мюнхэнскай Алімпіядзе 1972 году ўжо стаў самым касавым сярод расейскіх карцін за ўсю гісторыю кінапракату. Жыцьцё і кар’ера аднаго з герояў тых падзей Івана Дворнага былі зламаныя ўсяго праз год пасьля спартовага трыюмфу ў Мюнхэне.

Фінальны матч савецкай і амэрыканскай зборных стаў адной з самых яркіх падзей алімпійскіх гульняў у Мюнхэне і адной з найбольш драматычных сустрэч у гісторыі сусьветнага баскетболу. Спрэчкі пра апошнія тры сэкунды матчу, калі зборная СССР неймаверным чынам вырвала перамогу ў амэрыканцаў, ідуць да гэтага часу.

Савецкая алімпійская зборная. Іван Дворны — другі справа ў верхнім шэрагу

Адным з гульцоў той зорнай зборнай быў 20-гадовы Іван Дворны — ураджэнец невялікага сяла ў Омскай вобласьці Расеі. Іван быў самым маладым гульцом каманды і ў легендарным фінальным матчы непасрэдна не паўдзельнічаў — сядзеў на лаўцы запасных, гатовы ў любы момант выйсьці на пляцоўку. Але ён гуляў у папярэдніх фіналу матчах у Мюнхэне і таксама стаў алімпійскім чэмпіёнам.

Тацьцяна Дворная

Той самы «мюнхэнскі» залаты мэдаль захоўваецца цяпер у жонкі Івана Дворнага Тацьцяны Георгіеўны. Іван Дворны памёр 22 верасьня 2015 году на 64-м годзе жыцьця ад раку лёгкіх. Хваробу заўважылі позна. Тацьцяна Дворная на пэнсіі, але працуе ў чыгуначнай кампаніі «простай рабацягай», бо на пэнсію ў 12 тысяч рублёў не пражыць. У кінатэатар на паказ касавай прэм’еры яна пакуль не хадзіла — то праца, то справы сямейныя.

Турма за дзьве пары джынсаў

У 1973 годзе, праз год пасьля трыюмфу на Алімпіядзе, баскетбольная зборная СССР адправілася ў замежнае турнэ, якое захоплівала і Злучаныя Штаты. У Балтыморы чэмпіёны ўдастоіліся асаблівага гонару — кожны атрымаў званьне ганаровага грамадзяніна гэтага гораду.

У ЗША самы малады гулец зборнай адпрацоўваў нароўні з усімі. Пра яго зьявіліся водгукі ў амэрыканскай прэсе, а ў цэлым супэрсэрыя па васьмі гарадах ЗША скончылася нічыёй 4: 4. Потым былі туры па Бразыліі і Гішпаніі.

Іван Дворны (справа) з партнэрам па зборнай СССР Аляксандрам Бяловым

Пасьля замежных «гастроляў» каманда вярнулася дадому. Але паступіў «сыгнал», і ў аэрапорце Шарамецьцева багаж гульцоў прайшоў дбайны надгляд. «Лішнія» рэчы знайшлі ў многіх, спартоўцы часта прывозілі з-за мяжы дэфіцытныя тавары сваякам і знаёмым, а часам і на перапродаж. Такі эпізод ёсьць і ў фільме «Движение вверх», дзе ў выніку ўсё абышлося. А ў рэальным жыцьці некалькі замежных рэчаў у багажы спартоўцам ніхто не дараваў.

У савецкай газэце «Известия» выйшаў выкрывальніцкі артыкул аб «барацьбе за чысьціню нораваў нашых алімпійскіх чэмпіёнаў». Вырашана было зрабіць паказальны працэс, а ў выніку галоўнай ахвярай стаў самы малады гулец каманды Іван Дворны.

Мэдалі ды іншыя ўзнагароды Івана Дворнага

«Дзьве пары джынсаў сапсавалі мне ўсё жыцьцё. Мы ўвесь час пасьля замежных паездак што-небудзь прывозілі. Проста гэтым разам злавілі чалавека, які дапамагаў мне прадаваць гэтыя рэчы, а ён здаў мяне», — успамінаў Іван Дворны у адным з інтэрвію.

21-гадоваму баскетбалісту інкрымінавалі артыкул 78 крымінальнага кодэксу «Кантрабанда» — тэрмін ад 5 да 10 гадоў. У выніку 7 чэрвеня 1973 году Дворны апынуўся ў адзіночцы Сьвярдлоўскага сьледчага ізалятару. У 1973 годзе яго асудзілі на 3 гады за «спэкуляцыю». Сем месяцаў ён правёў у турме, яшчэ восем — на «будоўлях народнай гаспадаркі» у невялікім рабочым пасёлку пад Ленінградам. Пры садзейнічаньні трэнэра Ўладзіміра Кандрашына Івана Дворнага праз паўтара года вызвалілі ўмоўна-датэрмінова. Але спартовая кар’ера таленавітага баскетбаліста была зламаная. Зноў гуляць яму дазволілі толькі ў 1976 годзе.

Іван Дворны

Цалкам гісторыю Івана Дворнага можна прачытаць тут.

Алімпійскі чэмпіён і герой «Движения вверх» Іван Ядэшка пра «любоўны трыкутнік» з Аляксандрам Мілінкевічам