Калі паступяць «канструктыўныя прапановы» адносна сьвяткаваньня 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, улады «будуць абмяркоўваць іх». Пра гэта заявіла журналістам кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Качанава 19 студзеня на трэцім зьезьдзе «Белай Русі».
«Такія ідэі гучаць, мы таксама падключаемся да гэтых пытаньняў. Але ўсё павінна быць цывілізавана: калі людзей заклікаюць выходзіць на нейкія мітынгі, гэта няправільна. А калі гэтае сьвяткаваньне неабходна грамадзтву, то, значыць, будзем разам, сумеснымі дзеяньнямі і плянамі рэалізоўваць усё гэта. Як вызначацца людзі, якім гэта неабходна, так і будзе», — цытуе Качанаву БелаПАН.
16 студзеня працоўная група аргкамітэту па сьвяткаваньні 100-годзьдзя БНР прыняла рашэньне аб неабходнасьці падачы ў Менгарвыканкам заяўкі на правядзеньне 25 сакавіка акцыі з нагоды Дня Волі. Аргкамітэт плянуе правесьці не пратэставае, а сьвяточнае мерапрыемства. Таму заяўнікі акцыі будуць прасіць Менгарвыканкам дазволіць ня толькі традыцыйную дэманстрацыю і мітынг, але і канцэрт у цэнтры гораду.