Празь нелегальны ўвоз у Літву цыгарэт бюджэт гэтай краіны мог страціць больш за 60 млн эўра з прычыны недабору акцызу. 85% кантрафактных цыгарэт паступае ў Літву зь Беларусі.
Доля кантрабандных цыгарэт у канцы чацьвёртага квартала 2017 году ў Літве склала 19,6%, што на 2,1% больш, чым у канцы 2016 году (17,5%), перадае DELFI са спасылкай на паведамленьне Нацыянальнай асацыяцыі вытворцаў тытунёвых вырабаў і дасьледаваньне, праведзенае кампаніей Nielsen.
85% кантрафактных цыгарэт паступае ў Літву зь Беларусі. Беларускія цыгарэты склалі 16,8% усіх выкураных у Літве цыгарэт. Большая частка цыгарэт паступае ў Літву з Горадзенскай тытунёвай фабрыкі.
Рост цікавасьці літоўцаў да беларускіх цыгарэт у Нацыянальнай асацыяцыі вытворцаў тытунёвых вырабаў зьвязваюць з павышэньнем у Літве акцызаў, «большым, чым таго патрабуе Эўразьвяз», што падахвочвае жыхароў зьвяртацца да нелегальнага рынку тытунёвых вырабаў.