Папа Рымскі павянчаў бортправаднікоў падчас палёту. Фота

Папа Рымскі Францішак, ілюстрацыйнае фота

Царква ў Сант’яга-дэ-Чылі, дзе пара хацела павянчацца, была разбураная ў 2010 годзе землятрусам за некалькі гадзінаў да пачатку цырымоніі.

Упершыню ў гісторыі Папа Рымскі Францішак абвянчаў дваіх чальцоў экіпажу на борце самалёта, якім ляцеў над Чылі, паміж гарадамі Сант’яга і Ікіке, паведамляе La Repubblica.

У паведамленьні сказана, што стуардэса Паўла і бортправаднік Карлас падышлі да Папы, каб зрабіць фатаздымак і атрымаць блаславеньне.

Яны расказалі яму, што жывуць грамадзянскім шлюбе ўжо восем гадоў і маюць дзьвюх дачок, а царква ў Сант’яга-дэ-Чылі, у якой яны хацелі павянчацца, была разбураная землятрусам у 2010 годзе, за некалькі гадзінаў да цырымоніі.

«Вы хочаце пажаніцца? Вы ўпэўненыя?» — спытаў Папа Францішак і прапанаваў ім правесьці абрад вянчаньня ў той жа момант.

Бортправаднікі падпісалі пасьведчанне аб шлюбе на блянку авіякампаніі, якая выконвала рэйс. Іх сьведкам выступіў Ігнацыё Куэта, уладальнік авіякампаніі Latam.