Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі залічыла ў шэраг «аварыйных канструкцый» масты ў пяці гарадах. Усе яны збудаваныя паводле аднаго праекту. У пэрспэктыве будзе вызначана трываласьць іншых стратэгічных аб’ектаў.
Жыткавічы
У канцы 2017 году распачаты экстраны рамонт моста праз Прыпяць у раёне Жыткавічаў на Гомельшчыне.
Сама канструкцыя ўзьведзеная ў 1985 годзе. Незадоўга да леташніх абласных «Дажынак» на мосьце рабілі капітальны рамонт.
Часовая пантонная пераправа ў сярэдзіне студзеня была сарваная крыгаходам, людзей зь берага на бераг перавозяць катэрамі.
Рух аўтамабільнага транспарту ў рэгіёне паралізаваны — найбліжэйшыя стацыянарныя масты ў Петрыкаўскім і Пінскім раёнах, дарога ў аб’езд даўжэйшая на некалькі дзясяткаў кілямэтраў. Цэнтральнае Палесьсе цяпер фактычна адрэзанае ад «вялікай зямлі».
Гомель
Сьледам за Жыткавічамі аварыйным прызнаны мост праз Сож у Гомлі. Гэты ўчастак трасы № 8 (мяжа Расеі — Віцебск — Гомель — мяжа Ўкраіны) зьвязвае аб’язную дарогу з абласным цэнтрам.
Як паказала экспэртыза, у адным з блёкаў праржавела арматура. Ад такога дэфэкту, паводле экспэртаў, жалезабэтонныя канструкцыі могуць ня толькі дэфармавацца, але і абваліцца. Як і ў якія тэрміны зрабіць рамонт, галіновае ведамства вызначыць да канца студзеня.
Тым часам рух па мосьце для легкавых аўтамабіляў пакуль адкрыты. А вось велікагрузы з поўнай масай звыш 5 тон накіроўваюцца праз горад, «крук» складае 10 кілямэтраў.
Наваполацак
Яшчэ адзін адрас заклапочанасьці Міністэрства транспарту і камунікацый — мост празь Дзьвіну ў Наваполацку. Ён патрабуе або поўнага закрыцьця, або капітальнага рамонту.
Згодна з экспэртнай ацэнкай, аб’ект не спраўляецца з узрослай нагрузкай, пакрыцьцё разбураецца значна хутчэй, чым прадугледжана будаўнічымі нормамі.
Пэрманэнтнае «латаньне ямаў» не дапамагае. Патрабуецца тэрмінова пракладаць сеткі, рабіць гідраізаляцыю і бэтанаваць.
Рашэньне наконт моста, які зьвязвае два берагі Дзьвіны, будзе прынятае неўзабаве. Вялікая доля верагоднасьці, што рух па ім таксама абмяжуюць — як мінімум адпаведна вазе транспартных сродкаў.
Бабруйск
У Бабруйску, паводле папярэдняй экспэртызы, патэнцыйна аварыйнымі названыя адразу два масты празь Бярэзіну.
Так званы «нізавы» на выезьдзе па вуліцы Ўрыцкага — у больш здавальняючым стане, а вось «верхавы» на працягу Георгіеўскага праспэкту вымагае неадкладных захадаў, хоць і быў узьведзены пазьней за першы. У абодвух выпадках за аснову ўзяты савецкі праект, які сёньня на афіцыйным узроўні прызнаны «няўдалым».
Канчатковае рашэньне пра магчымае закрыцьцё моста або абмежаваньне вагі транспарту будзе прымаць уласьнік — улады Бабруйску. Дамоўных дачыненьняў паміж гарвыканкамам і Беларускім дарожным навукова-дасьледчым інстытутам няма.
Рэчыца
На трасе М10 праз Дняпро каля Рэчыцы збудаваныя два масты — для абодвух кірункаў руху. Адзін зь іх закрылі. Папярэдні «дыягназ» — лопнулі пучкі арматуры.
Гэта адзін з тыпавых праектаў, да якіх сёньня прыкаваная асаблівая ўвага адмыслоўцаў. Як і іншыя аналягічныя канструкцыі, ён стаў ахвярай узроставых праблемаў і састарэлых тэхналёгій. На паток такія масты паставілі 30 гадоў таму. Сёньня іх дачасны знос найперш тлумачыцца «стомленасьцю мэталу».
У той час як рэзэрвы надзейнасьці зьніжаюцца самі па сабе, нагрузка на аснову, наадварот, павялічваецца. Калі ў 1980-х грузавікі важылі 20–30 тон, сёньня вага нагружанай фуры можа перавышаць 50 тон. На такія звышмасы разьліку не было адпачатку.
Камэнтар спэцыяліста
Начальнік галоўнага ўпраўленьня аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый Аляксандар Галаўнёў:
- Па-першае, зборна-каробчатая канструкцыя з клеевымі стыкамі ўжывалася падчас будаўніцтва мастоў толькі ў Расеі і Беларусі. Будзем гаварыць, няўдалы савецкі праект. У Расеі такія масты ўжо закрываюць — пасьля таго як адзін зь іх абваліўся. Можна канстатаваць, што такія аб’екты ня маюць рэзэрву апорнай здольнасьці — сёньняшнія нагрузкі выклікалі ўзмоцненае старэньне.
- Па-другое, адсутнасьць будаўнічых матэрыялаў і элемэнтарная халатнасьць. Высокатрывалая арматура зацягвалася ў каналы, і гэтыя «пучкі» павінны былі залівацца бэтонам. Даўжыня канала — прыкладна 150 мэтраў, за савецкім часам яго з розных прычын цалкам не запаўнялі. Вось гэтыя незапоўненыя поласьці і правакуюць карозію арматуры.
Паводле кіраўніцтва Беларускага дарожнага навукова-дасьледчага інстытуту, дасканала будуць дасьледаваныя канструкцыі ўсіх стратэгічных мастоў у краіне. Але тэрміны не акрэсьлены: працэдура надзвычай дарагая і працаёмкая. Падчас дасьледаваньня павінна быць задзейнічана вялікая колькасьць спэцтэхнікі і баржаў, узводзяцца вышкі і рыштаваньні.