Беларускі гоншчык каманды «МАЗ-СПОРТаўта» Сяргей Вязовіч на адзінаццатым этапе ралі «Дакар» фінішаваў на першай пазыцыі. Ён больш чым на хвіліну апярэдзіў аргентынскі экіпаж на Iveco, трэцімі былі расейцы з каманды «КАМАЗ-Мастер».
Гэта першы падобны трыюмф беларускіх гоншчыкаў за ўвесь час удзелу ў самым складаным аўтамаратоне сьвету. Тыдзень таму Вязовіч спыніўся за адзін крок ад верхняй прыступкі п’едэсталу, заняўшы другое месца.
Астатнія два беларускія экіпажы сёньня прыйшлі 17-м і 18-м: гэта адпаведна Аляксандар Васілеўскі і Аляксей Вішнеўскі.
Па выніках 11 этапаў у агульным заліку лідзіруе аргентынец Фэдэрыка Вільягра на Iveco. За ім ідзе расеец Эдуард Мікалаеў на КАМАЗе, на трэцім радку — беларус Сяргей Вязовіч.
Экіпажы гоншчыкаў МАЗа Васілеўскага і Вішнеўскага ў агульным заліку на 13 і 14 месцах.
Маршрут ралі праходзіць праз Пэру, Балівію і Аргентыну. Спаборніцтвы завершацца 20 студзеня.