Ва Ўкраіне ўзаконілі статус Расеі як краіны-агрэсаркі

Заля Вярхоўнай Рады Ўкраіны. Люты 2017 году.

Вярхоўная Рада Ўкраіны на трэці дзень абмеркаваньня ўхваліла закон аб асаблівасьцях дзяржаўнай палітыкі забесьпячэньня дзяржаўнага сувэрэнітэту Ўкраіны над часова акупаванымі тэрыторыямі ў Данецкай і Луганскай абласьцях.

Законам прызнаецца статус Расеі як краіны-агрэсаркі. Дакумэнт падтрымалі 280 з 351 прысутных у зале народных дэпутатаў.

«Расейская Фэдэрацыя ў гэтым законе называецца дзяржаваю-агрэсарам. І скрозь па тэксьце мы ўжываем тэрмін «адпор узброенай агрэсіі Расеі», — сказаў народны дэпутат Украіны Іван Віннык, прадстаўляючы законапраект у парлямэнце.

Перадгісторыя

Вярхоўная Рада Ўкраіны 21 красавіка 2015 году ўхваліла пастанову, у якой 20 лютага 2014 года вызначана датай пачатку ўзброенай агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны з падзеяў у Крыме. Другой фазай агрэсіі лічыцца красавік 2014 году, калі кантраляваныя незаконныя ўзброеныя фармаваньні абвясьцілі гэтак званыя Луганскую і Данецкую народныя рэспублікі. Але пастанова парлямэнту ня мае статус закону.

У новым законе наўпрост спасылаюцца на тую пастанову, але ў той жа час даты агрэсіі ў законе не ўдакладняюцца.

Вялікую дамову з Расеяй не скасавалі

Дэпутаты не падтрымалі норму пра скасаваньне вялікага дагавору з Расеяй пра дружбу і супрацоўніцтва, матывуючы тым, што ён застаецца дакумэнтам, якім расейскі бок прызнае межы Ўкраіны, уключна з Крымам, і на падставе гэтай дамовы Ўкраіна можа зьвяртацца ў міжнародныя суды з пазовамі супраць Расеі.

Працягласьць абмеркаваньня праекту закону была абумоўлена вялікай колькасьцю паправак, ініцыяваных дэпутатамі. Але з 700 ініцыятыў патрымалі адзінкавыя.

Зьмест новага закону

Ухвалены закон вызначае прававы рэжым асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей, як часова акупаванай тэрыторыі Украіны, а таксама сродкі дзяржаўнай палітыкі для забесьпячэньня дзяржаўнага сувэрэнітэту Ўкраіны над часова акупаванымі тэрыторыямі і асаблівасьці рэалізацыі і абароны правоў грамадзян Украіны, якія там жывуць.

Закон таксама вызначае парадак кіраўніцтва мерапрыемствамі ў галіне нацыянальнай бясьпекі і абароны на тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласьцей.