Беларусь перадала Расеі абноўлены варыянт пагадненьня аб узаемным прызнаньні візаў

Беларуска-расейская мяжа. Архіўнае фота

Пра гэта 18 студзеня заявіў на брыфінгу прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык.

«Літаральна трохі больш за гадзіну таму ў Маскве ў МЗС адбылася сустрэча, падчас якой мы перадалі нашым расейскім калегам абноўлены праект пагадненьня. І прапанавалі ў самы бліжэйшы час правесьці ў Менску чарговую сустрэчу экспэртаў», — адзначыў Мірончык.

Праект быў скарэктаваны зь улікам падыходаў, якія сфармулявалі 11 студзеня на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі аб лібэралізацыі візавага рэжыму.

«Гэта ненармальна, калі паміж дзьвюма братнімі дзяржавамі і народамі зноў аднаўляецца мяжа, якую мы з такой цяжкасьцю здымалі больш за 20 гадоў таму. Ня ведаю, каму гэта трэба», — сказаў на нарадзе Лукашэнка.

Прэсавы сакратар МЗС адмовіўся гаварыць пра зьмены ў абноўленым варыянце. Ён падкрэсьліў, што ўдзельнікі нарады ў кіраўніка дзяржавы сказалі пра гэта максымум магчымага.

«Пасьля нарады ў кіраўніка дзяржавы нашы экспэрты яшчэ раз паглядзелі тэкст, дапрацавалі, зыходзячы з сфармуляваных крытэраў. Адзін з гэтых крытэраў — зьняцьце праблем зь перасячэньнем беларуска-расейскай мяжы для замежных грамадзян, натуральна, з захаваньнем інтарэсаў Беларусі і Расеі ў галіне бясьпекі», — паведаміў афіцыйны прадстаўнік замежнапалітычнага ведамства Беларусі.

Пагадненьне, пра якое ідзе гаворка, мае форму міжурадавага пагадненьня і называецца «Аб узаемным прызнаньні візаў і іншых пытаньнях, зьвязаных з уездам замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства на тэрыторыі дзяржаў – удзельніц дагавору аб стварэньні Саюзнай дзяржавы».

Пытаньне аб перасячэньні грамадзянамі трэціх краін беларуска-расейскай мяжы паўстала летась пасьля рашэньня Беларусі дазволіць пяцідзённы бязьвізавы ўезд для грамадзян 80 дзяржаў.

Лукашэнка незадаволены рэакцыяй Расеі на беларускі «бязьвіз» для іншаземцаў