Прататып аднаго з герояў расейскага блокбастэру «Движение вверх», чэмпіён сьвету і Алімпійскіх гульняў у складзе зборнай СССР у баскетболе беларус Іван Ядэшка распавёў у інтэрвію Свабодзе пра ўражаньне ад нашумелай кінастужкі, беларускі пэрыяд жыцьця і «любоўны трыкутнік» з Аляксандрам Мілінкевічам.
Фільм «Движение вверх» рэжысэра Антона Мегердзічава і сцэнарыста Андрэя Курэйчыка працягвае зьбіраць аншлягі па ўсім СНД. Мастацкі фільм зьняты на падставе аднайменных мэмуараў Сяргея Бялова і расказвае пра перамогу савецкіх баскетбалістаў у фінале мюнхэнскай Алімпіяды 1972 году над непераможнай амэрыканскай зборнай.
Трыюмф савецкага спорту ў сёньняшняй Расеі прыраўноўваюць да баталій узроўню «Сталінградзкай бітвы». На другі плян адышла нават трагедыя, якая здарылася ў той жа час — забойства 11 спартоўцаў і трэнэраў ізраільскай алімпійскай зборнай чальцамі палестынскай тэрарыстычнай групоўкі.
Ня думаў, што праз столькі гадоў накрые новая хваля папулярнасьці
У Менску прэзэнтацыя стужкі адбылася ў апошнія дні мінулага году, на прэм’еру прыехаў адзін з герояў падзей 45-гадовай даўнасьці, экс-гулец зборнай СССР, беларус родам з Горадні Іван Ядэшка. Менавіта зь ягонага пасу за 3 сэкунды да заканчэньня матчу Аляксандар Бялоў паклаў гістарычны мяч у кольца сапернікаў.
Ад пачатку пракату кінафільму ўвага з боку журналістаў, словамі Івана Ядэшкі, «стаміла і выбіла з каляіны». Тэлефонная размова з карэспандэнтам Свабоды рызыкавала спыніцца на першых жа словах, каб не ратавальнае прывітаньне ад калегі Ўладзімера Глода — тагачасны журналіст газэты «Фізкультурнік Беларусі» і таленавіты баскетбаліст блізка сябравалі, разам аб’езьдзілі не адно спаборніцтва.
«Ні маскоўскіх, ні менскіх чуць ужо не магу, настолькі прыелася, — наракае Ядэшка. — Стаміўся — ня тое слова. Дык каб яшчэ прыстойна сябе паводзілі, а то пераставяць з ног на галаву, чытаць немагчыма... Бясконцыя тэлефанаваньні, здымкі; зьбіраюся вось на „Прамы эфір“ да Малахава, 19-га пакажуць запіс з удзелам нашай каманды. У чарзе нейкае „Союзное вече“, потым „Родина“, затым „Ностальгия“. А да гэтага колькі было? Кашмар, карацей. Трэба вучыцца гаварыць „не“».
Іван Ядэшка прызнаецца: зусім не чакаў, што праз столькі часу накрые новая хваля запатрабаванасьці, ад якой немагчыма нідзе схавацца.
У свае 72 гады ён зноў на цэнтральных тэлеэкранах, яго запрашаюць з публічнымі выступамі на сэмінары, арганізуюць сустрэчы ў калектывах, робяць выезды ў дзіцяча-спартыўныя школы, пазнаюць у крамах і на вуліцы.
«Перад самым Новым годам, калі 28 сьнежня прыехаў у Менск на прэзэнтацыю гэтага фільму, таксама сустракалі, як VIP-пэрсону, — сьмяецца Іван Іванавіч. — Прыём аказалі проста фантастычны! Гатэль Marriott, кіназаля ў комплексе Falcon Club, шыкоўна! Уся грамадзкасьць сабралася, высокія чыноўнікі — і першы намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Максім Рыжанкоў, і міністар спорту Аляксандар Шамко, і ад Нацыянальнага алімпійскага камітэту, і ад фэдэрацыі баскетболу. Маса людзей, прайшло ўсё вельмі здорава».
Перад паездкай на Алімпіяду вадзілі разьвітацца зь Леніным
Дзеля справядлівасьці, ня толькі журналісты крытычныя ў ацэнках фільму. Удовы колішняга галоўнага трэнэра Ўладзімера Кандрашына і баскетбаліста Аляксандра Бялова падалі на стваральнікаў «Движение вверх» у суд за скажэньне гістарычнай праўды.
Аўтары ня ўтойваюць: хоць у аснове і ляжаць аднайменныя мэмуары выдатнага баскетбаліста свайго часу Сяргея Бялова, падзеі насамрэч трохі прыхарошаныя. А інакш і нельга — стужка, як ні круці, мастацкая, не дакумэнтальная.
Сам Іван Ядэшка ніякіх прэтэнзій да стваральнікаў ня мае. Са слоў Андрэя Курэйчыка, на прэзэнтацыі карціны спартовец падышоў, абняў і сказаў, што гэта «бліскучая работа».
«Я ж не магу сказаць, што ўсё ці большая частка прыдумана — сам ва ўсім гэтым удзельнічаў, — працягвае суразмоўца. — Безумоўна, штосьці як бы перанесена ў часе — і Бялоў хварэў не тады, і сын Кандрашына паказаны малым, а яму ўжо было пад 17, і жаніліся, замуж выходзілі не тады. Кшталту такіх вось несупадзеньняў. Адсюль і прэтэнзіі, канфлікт інтарэсаў — маўляў, зрабілі без дазволу, самадзейнасьць. У прынцыпе, не хачу нават гаварыць, драбяза нейкая... Фільм жа мастацкі, навошта да ўсяго чапляцца?»
На перакананьне Івана Ядэшкі, ня трэба ўспрымаць стужку аднабока. Яна ў тым ліку і пра тое, які прэсінг у застойныя 1970-я вытрымлівалі гульцы і трэнэры ад чыноўнікаў і партыйных куратараў спорту.
Напрыклад, згадвае, як перад паездкай у Мюнхэн зборную ў некалькі заходаў звадзілі ў маўзалей разьвітацца з муміяй Леніна, а пасьля выправілі ажно да манумэнта «Радзіма-маці» ў Валгаград. Гэта ня кажучы пра пэрманэнтныя візыты ў ЦК партыі і камсамолу. Для паўнаты ўражаньняў падключылі маці чырвонаармейкі-дывэрсанткі Зоі Касмадзям’янскай.
З усіх трыбунаў гучалі напаміны пра «карычневую чуму», якая пайшла зь Нямеччыны, а значыць, савецкаму чалавеку на «недружалюбнай» тэрыторыі трэба быць максымальна пільным і асьцярожным — магчымыя правакацыі.
Жонка жартуе, што ў Беларусі магла быць «прэзыдэнціхай»
Іван Ядэшка нарадзіўся 25 сакавіка 1945 году ў Горадні. Баскетболам заняўся дастаткова позна, ужо ў падлеткавым узросьце, а да таго быў засяроджаны на адзінаборствах.
Першыя крокі пад кольцам рабілі зь іншым вядомым гарадзенцам, будучым навукоўцам і палітыкам Аляксандрам Мілінкевічам — шмат пазьней, у сярэдзіне 1990-х, пасьля сыходу з пасады намесьніка старшыні Горадзенскага гарвыканкаму, ён стаў прэзыдэнтам баскетбольнага клюбу «Гродна-93».
Як жартуе Іван Іванавіч, у нейкі момант нават узьнік «любоўны трыкутнік», пераможцам у якім выйшаў той, хто «большы ростам» — амаль двухмэтровы Ядэшка ў гэтым парамэтры шанцаў канкурэнтам не пакідаў.
«Вядома, мы з Сашам Мілінкевічам шмат разам і былі, і кантактавалі, — згадвае Іван Ядэшка. — Больш за тое, магу прызнацца, што некалі ён любіў маю жонку Ларысу, нават вершы ёй пісаў, прысьвячаў нейкія пасланьні. А гадоў 10 таму, калі не памыляюся, ці нават больш, даведаліся, што ён пайшоў кандыдатам у прэзыдэнты. Яна пачала мяне тады жартам даймаць: вось бачыш, каб усё атрымалася інакш, „прэзыдэнціхай“ магла быць, а ня жонкай нейкага там Ядэшкі».
Радыё Свабода зьвязалася з Аляксандрам Мілінкевічам, каб спраўдзіць існаваньне «любоўнага трыкутніка» у баскетбольным антуражы.
«Абсалютная праўда, я ў Ларысу быў закаханы, — не адвяргае колішніх пачуцьцяў Аляксандар Мілінкевіч. — Гэта яшчэ школьныя часы, нам тады было гадоў па 14-15. Ваня пра ўсё ведаў, але тое не папсавала нашых тагачасных і будучых адносінаў. Ларыса жыла ў Менску, таксама выдатная баскетбалістка, сустракаліся падчас турніраў. Уласна кажучы, на спаборніцтвах мы і пазнаёміліся. І гэта насамрэч маё першае каханьне, прысьвячэньні ёй у старых сшытках захаваліся дагэтуль. І тое, што вершы ёй адсылаў, праўда».
Спартыўным талентам свайго сябра Аляксандар Мілінкевіч ня толькі захоплены, а і лічыць Івана Ядэшку адной з самых яскравых баскетбольных зорак ХХ стагодзьдзя.
«Ён 1945 году, а я 1947-га, крыху маладзейшы, — кажа суразмоўца. — Хоць не гулялі ў адной камандзе, але ўвесь час кантактавалі. Агульныя трэнэры, чэмпіёны яшчэ даваеннай Польшчы — Горадня выйгравала нават у Варшавы, гэта вельмі значная старонка горада. Што да Івана, ён быў зоркай нават яшчэ зусім юным. Ужо тады адчуваўся талент ад прыроды. Безумоўна, сваё майстэрства ўдасканальваў напружанымі трэніроўкамі — ніхто столькі не практыкаваўся, як Ядэшка. І той гістарычны пас у Мюнхене таксама невыпадковы. Іншыя ў такі стрэсавы момант проста не рызыкнулі б, не адважыліся б. Таму гэта ўнікальны баскетбаліст, сапраўдная легенда».
Ужо ў незалежніцкія часы Аляксандар Мілінкевіч у рангу прэзыдэнта баскетбольнага клюбу «Крош», які потым быў перайменаваны ў «Гродна-93», разам з «донарамі» езьдзіў у Маскву да Івана Ядэшкі з прапановай вярнуцца ў родны горад і ўзначаліць на той час лепшую каманду краіны. Не атрымалася — зямляк ужо падпісаў кантракт зь лібанскім «Спортынгам». А галоўнае, не паверыў, што ў Беларусі рэальна арганізаваць канкурэнтаздольны чэмпіянат.
Першыя трэнэры з даваеннай Польшчы і кватэра ля Камароўкі
Іван Ядэшка даўно жыве ў Расеі, у сваім доме ў Падмаскоўі, у мэгаполіс лішні раз стараецца не вылазіць.
Кажа, што расейцам зьяўляецца выключна паводле пашпарта — заўсёды лічыў і лічыць сябе беларусам. З задавальненьнем наведваецца на радзіму, у Горадні жыве ягоны родны брат Яўстафій, шматгадовы выкладчык мясцовага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы. Тут памяць пра згаданых Аляксандрам Мілінкевічам настаўнікаў, найперш пра Анатоля Марцінкевіча, аднаго з даваенных чэмпіёнаў.
Прыгадвае і вясёлыя побытавыя эпізоды менскага пэрыяду, калі толькі рабіў першыя крокі ў вялікім спорце.
«Першую кватэру ў Менску атрымаў акурат насупраць Камароўскага рынку, — са сьмехам успамінае ён. — І вельмі хутка адчуў усе „выгоды“ такога суседзтва. Не пасьпеў абжыцца, пачалі грукацца хадакі: „Мужык, можна мех бульбы ў цябе пакінуць? Заўтра забяру“. Рэч у тым, што дом стаіць самы першы ад базару, уваходзіш у пад’езд — адразу кватэра. Вось і цягнуліся цугам незнаёмыя людзі са сваімі торбамі. Прыяжджалі зь іншых месцаў, што не пасьпявалі прадаць, трэба было недзе пакінуць, каб назаўтра зноў ня везьці. Ну і шукалі, куды прыстроіць. А кодавых замкоў, як цяпер, не было...»
У канцы размовы Іван Іванавіч зноў вяртаецца да тэмы журналістаў, якія не да канца зразумелі сутнасьць кінастужкі, дарэмна абвінавачваючы аўтараў у залішнім «ура-патрыятызьме».
«Добрыя хлопцы, прафэсійныя, няма пытаньняў, але навошта так усё рассусольваць? — заводзіцца Іван Ядэшка. — Я потым кожнаму скажу асабіста, бо хто ўпаўнаважваў рабіць такія высновы? Гэта ж як выглядае: толькі яны разумныя, а ўсе астатнія дурні. Некалькі мільёнаў са сьлязьмі глядзяць, а крытыкі знаходзяць столькі заган, што валасы дуба ўстаюць. А ўсе плачуць — як усё добра і прыгожа. Такая цяпер журналістыка? Хочаце, каб лілі сьлёзы ад адваротнага — што ў нас такое дрэннае мастацтва?.. Ладна, гэта дэталі. І ўвогуле, прабачце, пачну вучыцца казаць журналістам «не».
Не пускалі ў НБА, але атрымалася ў Афрыцы і на Блізкім Усходзе
Як гулец Іван Ядэшка заваяваў практычна ўсе тытулы, якія існуюць у сусьветным баскетболе — за выключэньнем наймацнейшай паўночнаамэрыканскай Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі, куды савецкім спартоўцам доступ быў закрыты.
Ён заслужаны майстар спорту СССР, заслужаны трэнэр СССР, алімпійскі чэмпіён 1972 году, уладальнік бронзы Алімпіяды-1976, чэмпіён і прызэр сьвету, двухразовы чэмпіён Эўропы і неаднаразовы прызэр кантынэнтальных спаборніцтваў, уладальнік Кубку эўрапейскіх чэмпіёнаў, чэмпіён і прызэр унівэрсыядаў, васьміразовы чэмпіён СССР і срэбны прызэр, пераможца спартакіядаў народаў СССР.
Выступаць пачаў за каманду Гарадзенскай вобласьці, а ў 18-гадовым узросьце дэбютаваў у менскім «Спартаку», потым былі сталічныя «Радыётэхніка» і «Буравесьнік». Ад 1971-га — гулец асновы маскоўскага ЦСКА, яшчэ два гады выступаў за кіеўскі СКА.
Цягам дзесяцігодзьдзя стабільна ўваходзіў у склад зборнай СССР. Па выніках апытаньня трэнэраў і спартовых журналістаў, праведзенага выданьнем «Спорт-экспресс», Іван Ядэшка ўвайшоў у найлепшую «пяцёрку» усіх часоў нароўні з Арвідасам Сабонісам, Аляксандрам Бяловым, Сяргеем Бяловым і Андрэем Кірыленкам.
Пасьля завяршэньня кар’еры гульца працаваў на трэнэрскіх пасадах. Галоўны трэнэр юніёрскай зборнай СССР, трэнэр зборнай СССР, галоўны трэнэр моладзевай зборнай Расеі, трэнэр зборнай Расеі. Быў настаўнікам клюбаў ЦСКА «Масква», «Шахцёр» (Іркуцк), асыстэнтам трэнэра ў падмаскоўным «Дынама».
Знайшлося месца ў прафэсійным багажы і міжнароднай практыцы. Агулам каля дзесяці гадоў узначальваў баскетбольныя клюбы ў Афрыцы і на Блізкім Усходзе. Так, у сярэдзіне 1980-х выправіўся ў Гвінэю-Бісаў, а ў безграшовых 1990-х і на пачатку 2000-х працаваў у Лібане.
У якасьці трэнэра — чэмпіён сьвету 1982 году, тройчы чэмпіён Расеі, тройчы чэмпіён Лібану, бронзавы прызэр Кубка азіяцкіх чэмпіёнаў. Узнагароджаны расейскім ордэнам Пашаны, ордэнам «Знак Пашаны», шматлікімі мэдалямі. Унесены ў Кнігу славы Горадні, аўтар кнігі «Тры сэкунды і ня толькі...»
Ад 1991 году ў Менску ладзіцца баскетбольны турнір дзіцячых камандаў на прызы алімпійскага чэмпіёна Івана Ядэшкі.