Яго адкрыцьцё мяркуецца неўзабаве, будынкі стаяць за паўсотні мэтраў ад урочышча Курапаты, месца пахаваньня ахвяраў бальшавіцкіх рэпрэсіяў. На думку актывістаў, дзяржава магла б выкупіць комплекс і перадаць яго на балянс Беларускага саюзу мастакоў дзеля творчай дзейнасьці ў інтарэсах Курапатаў.
Старшыня мастакоўскага аб’яднаньня Рыгор Сітніца ўсьцешаны такім даверам, але лічыць, што ў рамках дзяржавы існуе больш рэальны і эфэктыўны варыянт матэрыяльна-фінансавых дачыненьняў.
«Безумоўна, мы б знайшлі, пад што прыстасаваць комплекс, каб ініцыятыва спраўдзілася. Усё было б паводле прызначэньня, бо мы людзі ў тэме, у тым ліку нацыянальна-патрыятычнай, курапацкай. Аднак мы небюджэтная структура, выкупіць за бюджэтныя грошы і перадаць недзяржаўнай арганізацыі — такое папросту нерэальна. А вось выкупіць і перадаць Нацыянальнаму гістарычнаму музэю — скажам, у якасьці філіялу памяці ахвяраў рэпрэсій — гэта было б лягічна. Я ведаю, пра што кажу, бо бюджэтныя сродкі ня могуць быць пераразьмеркаваныя небюджэтнай арганізацыі. А вось у выпадку з музэем такі крок быў бы абсалютна слушным», — кажа Сітніца.
У чым, на думку кіраўніка Саюзу мастакоў, не даводзіцца сумнявацца, дык гэта ў адным: забаўляльнай установе ня месца на касьцях ні ў якім выглядзе.
«Я ня толькі не прыхільнік, а яры праціўнік. Якія могуць быць забавы на касьцях? Гэта проста блюзьнерства! На добры лад гэтаму „Бульбашу“ трэба такую абструкцыю наладзіць, каб надоўга запомнілі — калі самі не разумеюць, у якім месцы будуюцца. Усе ж цудоўна ўсьведамляюць, што там будзе адбывацца. Але баляваньне гэта сатанісцкае, іначай не назаву. Што за клюб у Курапатах? У нармальнай цывілізаванай краіне такое не дапусьцілі б нават у тэорыі, ня кажучы аб практыцы. Як на маю думку, калі і спрабаваць нешта разьвярнуць, то з прывязкай да гістарычнага музэю. Бо ідэя перадаць комплекс на балянс нам проста нерэальная. За 10 гадоў у кіраўніцтве саюзу выдатна ведаю, што гэта такое — дачыненьні зь бюджэтнымі сродкамі».
Сярод прапановаў грамадзкай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» — прыстасаваньне комплексу пад патрэбы мэмарыялу, у тым ліку для выставаў пра Курапаты і савецкія палітычныя рэпрэсіі. Адзначаецца, што перадача «Бульбаш-холу» беларускім творцам была б пазытыўна ўспрынятая грамадзкасьцю і разам з прызнаньнем неабходнасьці мэмарыялізацыі ўрочышча засьведчыць зьмены стаўленьня дзяржавы да нацыянальнага нэкропалю, стане пачаткам грамадзкага дыялёгу ў краіне.