Выдаткі на падрыхтоўку і правядзеньне мясцовых выбараў 2018 году заплянаваныя з разьліку 1,5 даляра на аднаго выбарніка. Гэтую лічбу назвала сёньня ў размове з журналістамі пасьля пасяджэньня Цэнтральнай выбарчай камісіі яе старшыня Лідзія Ярмошына.
Для параўнаньня яна дадала, што ў багатых краінах каштарысы складаюцца з разьліку 5 даляраў на аднаго выбарніка.
«Агульная сума скарочаная на 10%. У лістападзе яна была зацьверджаная ў памеры 21 мільёна 491 тысячы рублёў. Але пасьля гэтага выдаткі бюджэту на розныя мэты, у тым ліку і правядзеньне выбараў, зьменшыліся. Таму і мы скарачаем выдаткі на набыцьцё канцтавараў, транспарт, сувязь, камандзіроўкі. Такім чынам, абноўлены каштарыс складае 19 мільёнаў 386 тысяч рублёў», — патлумачыла старшыня Цэнтравыбаркаму.
Паводле Ярмошынай, заробкі чальцоў выбарчых камісій у сярэднім зьменшацца на 5,5%. Аднак старшыня ЦВК падкрэсьліла, што яна настойвала на іх прыстойным заробку. У выніку ў дзень выбараў яны будуць атрымліваць «чыстымі» 67 рублёў — на 2 рублі менш, чым прадугледжваў стары каштарыс.