Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў сьцьвярджае, што «Расея паважае тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны» ў рамках, якія склаліся пасьля анэксіі Крыма. Пра гэта 15 студзеня Лаўроў заявіў, камэнтуючы дзеяньне міжнародных дагавораў паміж Украінай і Расеяй, якія прадугледжваюць узаемную павагу тэрытарыяльнай цэласнасьці краін.
«Мы шмат разоў адказвалі на такія досыць легалісцкія пытаньні, у тым ліку па Будапэшцкім мэмарандуме 1994 года, згодна зь якім Украіна адмовілася ад ядзернай зброі, а Расея, ЗША і Вялікабрытанія гарантавалі, што ня будуць прымяняць ядзерную зброю супраць Украіны. Нагадаю, што мы так і не ўжывалі і не пагражалі Ўкраіне ядзернай зброяй, таму ніякага парушэньня мэмарандума не адбылося. А паралельна з мэмарандумам Украіна ў асобнай заяве ўзяла на сябе абавязацельства не заахвочваць расісцкія, нэанацысцкія тэндэнцыі», — перадаюць словы Лаўрова расейскія інфармагенцтвы.
На яго думку, тое, што адбылося пасьля рэвалюцыі годнасьці, стала «грубым парушэньнем дадзеных абавязацельстваў».
14 студзеня дэпутат Дзярждумы Расеі Канстанцін Затулін прапанаваў дэнансаваць Дагавор аб дружбе, супрацоўніцтве і партнэрстве паміж Расеяй і Украінай у частцы прызнаньня тэрытарыяльных межаў адзін аднаго.
Публічных камэнтароў украінскага боку з гэтай нагоды няма.