У Беларусі зафіксаваны чарговы выпадак жорсткага абыходжаньня з жывёламі. Кіраўнік агракамбінату «Ўсход» Магілёўскага раёну Віктар Рабцаў асабіста расстрэльваў сабак на фэрмах сваёй гаспадаркі.
Учыніўшы забойствы жывёл, ён патлумачыў, што «сабакам ня месца на малочна-таварным комплексе». Прычым пацярпелі ня толькі бадзяжныя жывёлы, а і гадаванцы супрацоўнікаў.
Па гэтым факце міліцыя праводзіць праверку, магчымае завядзеньне крымінальнай справы.
Дагэтуль набыткам галоснасьці неаднаразова станавіліся выпадкі негуманнага стаўленьня да братоў меншых: бакланам адразалі дзюбы, кацянят палілі ў качагарцы, сабак выкідвалі з вокнаў шматпавярховіка ды многія іншыя.
І толькі адзінкі барбарскіх гісторый атрымліваюць працяг у выглядзе прыцягненьня вінаватых да адміністрацынай і крымінальнай адказнасьці.
У Беларусі пакуль няма асобнага закону
Комплекснага закону пра абарону жывёлаў у Беларусі няма, хоць размовы пра яго неабходнасьць вядуцца амаль два дзясяткі гадоў. Праект закону «Аб абыходжаньні з жывёламі» пасьля разглядаў у Палаце прадстаўнікоў пяць разоў вяртаўся на дапрацоўку, кожны раз пасьля гэтага на некалькі гадоў зьнікаючы ў тым ці іншым ведамстве.
«Нават калі закон і ўхваляць, мы на яго ўжо не спадзяёмся, нічога добрага там ня будзе, — кажа ў інтэрвію Свабодзе старшыня аб’яднаньня „Заашанс“ зь Менску Вольга Карпава. — На жаль, усе прапановы зааабаронцаў адхіленыя, іх „народны рэфэрэндум“ зь нібыта апытаньнем меркаваньня — толькі дзеля галачкі, ніводная прапанова ад насельніцтва ў праект не ўвайшла. Адкінутыя ініцыятывы ў справе кантролю, скарачэньня нараджальнасьці. Усё перароблена для зручнасьці чыноўнікаў. І калі яго прымуць у такім фармаце, жывёлам лепей ня стане. Хіба абвесьцім, што ў апошняй краіне Эўропы зьявіўся закон аб абыходжаньні з жывёламі, але зьмест не вырашае сутнасьці праблемы».
Паводле Вольгі Карпавай, галоўная на сёньня задача — стэрылізацыя вулічных жывёлаў, бескантрольнае размнажэньне якіх цягне за сабой увесь клубок наступных праблемаў. Цяпер катоў і сабак нараджаецца больш, чым запатрабавана патэнцыйнымі гаспадарамі. Аднак рэпрадукцыйны працэс кантралюецца выключна сябрамі арганізацый, аналягічных «Заашансу», дзяржаўны ўдзел — у межах арытмэтычнай хібнасьці.
Што да існага заканадаўства, то яно закранае толькі нязначную колькасьць адрасатаў: правы дзікіх жывёлаў і тых, якія знаходзяцца ў няволі. Часткова ўжываецца закон «Аб вэтэрынарнай дзейнасьці», але гаворка хутчэй пра абавязкі ўладальнікаў, чым правы іх гадаванцаў.
Жывёлаў абараняе Крымінальны кодэкс
Ад нядаўняга часу правы жывёлаў таксама рэгулююцца асобнымі артыкуламі Адміністрацыйнага і Крымінальнага кодэксаў Рэспублікі Беларусь. Першы прадугледжвае пакараньне ў выглядзе папярэджаньня або штрафу, другі — да арышту.
Крымінальная адказнасьць за жорсткае абыходжаньне з жывёламі набыла сілу ў 2015 годзе і рэгулюецца артыкулам 339.1. Тады ж супрацоўнікі міліцыі атрымалі права складаць пратаколы і прыцягваць да адказнасьці. Падстава — чалавек зьдзекуецца з жывёлы наўмысна і з падкрэсьленай жорсткасьцю. Аднак на практыцы аказалася, што такія намеры даказаць ня так проста, таму ў лепшым выпадку з такога садыста могуць спагнаць некалькі базавых велічынь.
Тым ня менш, паводле актывістаў зоаабарончых арганізацый, пэўныя зрухі ўсё ж ёсьць: людзі ўсё часьцей самі зьвяртаюцца ў міліцыю, калі робяцца сьведкамі неналежнага абыходжаньня з жывёламі.
Паводле зьвестак грамадзкага аб’яднаньня «Заасьвет», якое мае агульнанацыянальны статус, у Беларусі штогод адлоўліваюць і зьнішчаюць ня менш за 70 тысяч бяздомных жывёлаў. Арганізацыя часовых прытулкаў не ратуе сытуацыю: калі цягам пяці дзён у адлоўленага сабакі ці ката ня зьявіцца новы гаспадар, ягоны лёс прадвызначаны.
Паводле экспэртаў, у сьвеце правы жывёлаў найбольш масава парушаюцца ў пушной зьверагадоўлi і інтэнсіўнай жывёлагадоўлі, у цырках і дэльфінарыях, у досьледных лябараторыях, а таксама ў выпадку з бадзяжнымі жывёламі.
А як у Эўразьвязе?
У шэрагу краінаў ужо цягам дзесяцігодзьдзяў працуюць законы, якія забараняюць жорсткае абыходжаньне з жывёламі.
У Эўразьвязе праблема бяздомных жывёлаў вырашаецца шляхам іх стэрылізацыі. Таму «нічыіх» жывёлаў на вуліцах практычна няма.
Правы катоў і сабак рэглямэнтуюцца Канвэнцыяй па абароне жывёлаў ад жорсткага абыходжаньня. У некаторых краінах іх нельга пакідаць жывёлаў зачыненымі ў машыне ў сонечны дзень — гэта можа прывесьці да цеплавога ўдару. Паліцэйскі мае права разьбіць шкло і аштрафаваць гаспадара. Эўрапарлямэнт таксама цалкам забараніў выпрабаваньні касмэтычных сродкаў на жывёлах.
Вялікая Брытанія
Першы закон у абарону жывёлаў ад жорсткасьці быў прыняты ў Вялікай Брытаніі ў 1822 годзе. Неўзабаве пасля гэтага аналягічныя нормы ўведзеныя ў іншых краінах Эўропы.
Брытанскі парлямэнт афіцыйна надзяліў правамі і свабодамі чатырохногіх насельнікаў астравоў. На сёньня гэта 7 мільёнаў сабак, больш за 8 мільёнаў катоў, 650 тысяч коней, 2 мільёны трусоў і дзясяткі мільёнаў свойскіх птушак. Закон прадугледжвае ўзмацненьне адказнасьці ўладальнікаў жывёлаў за парушэньне закону — ад буйных штрафаў да турэмнага зьняволеньня.
Нямеччына
Нямеччына стала першай у сьвеце дзяржавай, дзе ад 2002 году правы жывёлаў абараняюцца Канстытуцыяй. Таксама ў краіне дзейнічае Закон аб абароне жывёлаў, прызнана прафэсія «абаронца жывёл». Існуе таксама распараджэньне па ўтрыманьні сабак.
У Нямеччыне працуе адмысловая галіна права — «Правы жывёлаў». Працуюць адвакаты, якія могуць ня толькі дапамагчы ў выпадку парушэньня правоў гаспадароў жывёлаў або ў выпадках зьдзекаў зь іх, але і дапамагчы пры набыцьці гадаванца. Плюс да ўсяго забаронена выкарыстаньне жывёлаў для выпрабаваньняў касмэтычных сродкаў, бытавой хіміі і лекаў.
Швайцарыя
Швайцарыя — вядучая краіна Эўропы ў галіне правоў жывёлаў. У 2007 годзе Цурыхскі кантон ў якасьці экспэрыменту ўвёў пасаду «адваката жывёлаў», а галоўнай падзеяй 2008-га стала ўступленьне ў сілу закону аб правах жывёлаў.
Дакумэнт дэталёва рэгляментуе абыходжаньне зь дзікімі і свойскімі жывёламі — яны больш не прыраўноўваюцца да «рэчаў».
Калі сабака ці кот атрымаў траўму па нечай віне, судзьдзя можа абавязаць вінаватага аплаціць лячэньне ў вэтэрынара, нават калі гэтыя выдаткі перавышаюць кошт жывёлы. Пра знойдзеную на вуліцы жывёлу неабходна інфармаваць кампэтэнтныя органы, калі не ўдаецца адшукаць гаспадара.
Аўстрыя
У 2004 годзе парлямэнт Аўстрыі прыняў адзін з самых прагрэсіўных у Эўропе законаў па абароне жывёлаў. Цяпер злачынствам лічыцца ўтрыманне куранят у цесных клетках, абразаньне сабакам хваста і вушэй, зьвязваньне свойскай жывёлы тугімі вяроўкамі.
Паводле закону, забаронена выкарыстоўваць ільвоў ды іншых дзікіх жывёлаў у цырках, нельга трымаць сабаку на ланцугу, ашыйніку-пятлі або выкарыстоўваць у двары так званы «нябачны плот», які б’е токам. Акрамя таго, забаронена трымаць шчанят і кацянят у вітрынах заакрамаў. Парушальнікам пагражае штраф у памеры да 15 тысяч эўра, улады пакідаюць за сабой права адбіраць жывёлу ў яе ўладальніка.
Італія
У Італіі прыняты закон, закліканы абараніць жывёлаў ад жорсткага абыходжаньня з боку людзей. Кожны, хто кіне котку або сабаку, будзе прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці. Ён можа быць зьняволены тэрмінам на 1 год, таксама яго абавяжуць выплаціць штраф у памеры 10 тысяч эўра.
Распараджэньне, якое тычацца абароны правоў жывёлаў у Турыне, мае выгляд брашуры на 20 старонак. У прыватнасці, забаронена прадаваць залатых рыбак у плястыкавых пакетах, фарбаваць жывёлаў у розныя колеры і наносіць ім з эстэтычных меркаваньняў «розныя калецтвы» накшталт купіраваньня хваста.
Гішпанія
10 гадоў таму парлямэнт Гішпаніі прызнаў права кожнай чалавекападобнай малпы на жыцьцё, свабоду і абарону ад жорсткасьці. Гэта стала першым у сусьветнай практыцы актам, які ўраўноўвае ў правах чалавека і жывёлу. Цяпер малпы ня могуць разглядацца ў якасці аб’ектаў прыватнай уласнасьці і ўдзельнічаць у цыркавых паказах.
Важнасьць рашэньня разглядаецца ў сьвятле маштабнай кампаніі супраць паляваньня, цырку, зьверафэрмаў, спартовай рыбалкі і іншага наступу на правы жывёлаў. Падобныя законапраекты лабіююцца і датычна іншых прадстаўнікоў фаўны, сярод якіх высокаарганізаваныя жывёлы кшталту дэльфінаў.
Нідэрлянды
У 2006 годзе Нідэрлянды ўвайшлі ў гісторыю як першая краіна ў сьвеце, у парлямэнце якой была прадстаўлена «Партыя для зьвяроў». Асноўнай яе мэтай — паляпшэньне правоў жывёлаў.
«Партыя для зьвяроў» была заснаваная яшчэ ў 2002 годзе і дамагаецца замацаваньня правоў жывёлаў у Канстытуцыі краіны на ўзор Нямеччыны, а таксама распрацоўкі асобнага закону аб заалягічнай абароне ў Каралеўстве.
Ватыкан
У пэрыяд кадэнцыі папы Яна Паўла ІІ Каталіцкая царква прызнала наяўнасьць душы ў сабак. Цяпер ім можна заходзіць у храмы бяз рызыкі быць адтуль выгнанымі.