Расея рыхтуе санкцыі ў дачыненьні Ўсясьветнага антыдопінгавага агенцтва за Алімпіяду

У Маскве перакананыя, што шэраг службоўцаў Усясьветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) датычныя да адхіленьня нацыянальнай зборнай ад удзелу ў зімовых Алімпійскіх гульнях у Пхёнчхане.

Пра гэта паведаміў сябра Савету Фэдэрацыі Расеі Андрэй Клімаў. Супраць гэтых асобаў могуць распачаць крымінальныя справы, а таксама забараніць ім уезд на тэрыторыю Расеі.

Паводле газэты «Известия», гаворка ідзе «пра амаль дзясятак пэрсон», сярод якіх ня толькі супрацоўнікі WADA. Так, Савет Фэдэрацыі Расеі вывучае пытаньне аб ролі спэцпракурора ЗША Робэрта Мюлера ў рашэньні WADA адхіліць расейскую зборную ад зімовых Гульняў-2018.

5 сьнежня выканкам Міжнароднага алімпійскага камітэту забараніў Расеі ўдзельнічаць у Алімпіядзе ў Паўднёвай Карэі. МАК палічыў даказаным фактам, што ўлады Расеі на дзяржаўным узроўні арганізавалі сыстэму ўжываньня допінгу ў спорце. Рашэньне прымалася на падставе высноў, зробленых дзьвюма камісіямі. Пры гэтым расейцам, якія даказалі, што не ўжывалі допінгу, дазволілі спаборнічаць пад нэўтральным сьцягам.

Зборную Расеі адхілілі ад зімовай Алімпіяды-2018. Парфяновіч: Хай будзе ўрокам!