«Не ўяўляе значнага інтарэсу для шырокага кола гледачоў»
Аўтар прасіў паспрыяць паказу стужкі на каналах Беларускага тэлебачаньня і тым самым прадэманстраваць, што размовы пра неабходнасьць ушанаваньня ахвяраў сталінскага тэрору, якія апошнім часам загучалі на дзяржаўным узроўні, ня ёсьць пустым гукам.
«Паведамляем, што ваш фільм прагледжаны першым намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Максімам Рыжанковым, — гаворыцца ў адказе за подпісам начальніка галоўнага ўпраўленьня па працы са зваротамі грамадзянаў Рыгора Шлыка. — З улікам інфармацыі Белтэлерадыёкампаніі, падставаў для дадатковага разгляду вашага пытаньня ня знойдзена. У гэтай сувязі ў прыёме першым намесьнікам кіраўніка адміністрацыі адмоўлена».
Ранейшыя спробы паразумецца непасрэдна з кіраўніцтвам Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі плёну ня мелі — там адказалі, што ў падобнай тэматыцы не зацікаўленыя.
«Ваш зварот адносна прапановы на паказ па каналах Белтэлерадыёкампаніі зьнятага вамі мастацкага фільму „Жоўты пясочак“ разгледжаны на камісіі па набыцьці маёмасных правоў. Камісія прыняла рашэньне адхіліць вашу прапанову», — напісала намесьніца дырэктара дырэкцыі ліцэнзыйных праграмаў і паказаў Алена Каліноўская.
У іншым лісьце прадстаўніца Белтэлерадыкампаніі ўдакладніла, што пры прыняцьці рашэньня камісія сыходзіць перадусім з запатрабаванасьці матэрыялу ў глядацкай аўдыторыі. Задачай экспэртаў зьяўляецца ў тым ліку вызначэньне мэтазгоднасьці набыцьця маёмасных правоў з улікам мэдыяпаказьнікаў і маркетынгавых дасьледаваньняў.
Выглядае, што фільм пра расстрэлы ворагаў народу, як і твор Васіля Быкава, у цяперашніх умовах выглядае «нямэтазгодным», робіць выснову кінарэжысэр.
«Тое, што прыйшло ў адказ, вельмі зьдзівіла. І непрыемна, — кажа Туровіч. — Прыйшла адмова, у якой стаяла 19 подпісаў чальцоў афіцыйнай ацэначнай камісіі. Пазьней я зноў даслаў зварот, каб мне растлумачылі прычыну адмовы і чаму ўсе прагаласавалі аднолькава. Аказался, фільм ня пусьцяць у эфір з-за таго, што ён не прадстаўляе вялікага інтарэсу для шырокага кола гледачоў! Як жа так? Усялякая расейская лухта цікава, а Быкаў беларусам не цікавы? Ніколі не паверу»
Паводле Туровіча, ён быў гатовы пачуць крытыку фільму, рэжысэрскага бачаньня, расейскай мовы стужкі, але чуць пра «незапатрабаванасьць у гледачоў і нямэтазгоднасьць» — гэта, ягонымі словамі, абраза Васіля Быкава і гістарычнай памяці беларускага народу.
Рэжысэр паспрабаваў знайсьці падтрымку ў Паўла Якубовіча, які пазыцыянуе сябе глыбокім знаўцам курапацкай тэмы. Аднак галоўны рэдактар прэзыдэнцкай газэты «Советская Белоруссия» адказаў, што ўплываць на інфармацыйную палітыку тэлебачаньня ня ў стане. Гэтак жа засталіся без увагі прапановы рэжысэра ўзяць за аснову будучага курапацкага мэмарыялу герояў быкаўскага сюжэту з «Жоўтага пясочку» — дасланыя праекты бясьсьледна зьніклі ў калідорах рэдакцыі.
Мастацкі фільм «Жоўты пясочак» Аляксей Туровіч зьняў за ўласныя грошы, давялося нават узяць банкаўскі крэдыт. Ён неаднаразова зьвяртаўся па дапамогу ў Міністэрства культуры, прапаноўваў супрацу кінастудыі «Беларусьфільм», аднак нідзе паразуменьня так і не знайшоў.
«Не адпавядае рэпэртуарнай палітыцы кінатэатраў»
Калі фільм быў гатовы, паўстала іншая праблема — як данесьці яго гледачам? Нягледзячы на тое, што дзяржаўная ўстанова «Інстытут культуры Беларусі» выдала клясыфікацыйнае пасьведчаньне на пракат фільму, прадпрыемства «Кінавідэапракат» ня выявіла аніякай цікавасьці да прадукту.
У выніку адміністрацыя кінатэатру «Масква» аказалася адзінай на ўсю Беларусь, якая пагадзілася прытуліць аўтарскі калектыў падчас прэм’ернага паказу. Усе астатнія далі зразумець, што сюжэт карціны не адпавядае іхнай рэпэртуарнай палітыцы.
Да канца мінулага году адбылося некалькі паказаў «Жоўтага пясочку» ў абласных і раённых цэнтрах, але ў значную кампанію гэта так і не перарасло. У замежжы фільм удалося паказаць у «Беларускім доме» у Варшаве — гледачамі сталі некалькі дзясяткаў беларусаў, якія жывуць ці вучацца у Польшчы. У рэжысэра ёсьць жаданьне звазіць стужку таксама ва Ўкраіну і ў Расею.
На адрас стваральнікаў карціны гучала нямала крытыкі, што героі фільму — селянін, паэт ды іншыя тубыльцы — размаўляюць на чысьцюткай расейскай мове. Аляксей Туровіч тлумачыць, што беларускі дубляж значыўся адпачатку, але затармазіўся з-за браку сродкаў. Тым часам беларускамоўная вэрсія ўжо падрыхтаваная, засталося падмацаваць тэхнічны працэс фінансава.
У «Жоўтым пясочку» Васіля Быкава расказваецца, як шасьцёх зьняволеных сумнавядомай менскай турмы НКВД вязуць на расстрэл ва ўрочышча Курапаты пад Менскам. Сьмяротнікі — людзі самыя розныя, абʼядноўвае ўсіх адно: сытуацыя не пакідае выбару. Яны пакорліва церпяць, нават калі зьяўляецца магчымасьць абяззброіць адзінага вартавога. Але выштурхоўваюць загрузлы «аўтазак», каб прысьпешыць расправу і апынуцца на дне ямы з жоўтым пясочкам.
Галоўныя ролі выканалі тэатральныя артысты зь Менску, Віцебску, Бабруйску. Аднаасобніка Аўтуха сыграў Міхаіл Мацьвееў, царскага афіцэра Валярʼянава — Генадзь Трацякоў, паэта Фэлікса Грома— Аляксей Міхалоў, крымінальніка Зайкоўскага — Уладзімер Лебедзеў, камуніста Шастака — Валянцін Салаўёў, сьледчага НКВД — Аляксей Туровіч, памочніка камэнданта — Аляксей Верашчака.