Расейскі мастацкі фільм «Движение вверх» пра гісторыю драматычнай перамогі баскетбольнай зборнай СССР у фінале Алімпіяды-1972 у Мюнхэне над амэрыканцамі б’е ўсе рэкорды праглядаў у Расеі і СНД. Адзін са сцэнарыстаў фільму беларус Андрэй Курэйчык адказаў на пытаньні Свабоды.
Каманда Ўладзіміра Кандрашына, у складзе якой выступаў і беларус Іван Ядэшка, вырвала перамогу ў зборнай ЗША ў апошнія 3 сэкунды той гульні. Амэрыканцы дагэтуль не прайгравалі ніводнага матча на алімпійскіх турнірах. Аднак крытыкі фільму кажуць, што яго стваральнікі дапусьцілі шмат прыдумак, зьмяніўшы рэальную гісторыю.
«Я напісаў сцэнар, які ўхваліла і фінансавала Міністэрства культуры»
— Як вы трапілі ў сцэнарысты фільму?
— Я супрацоўнічаў са студыяй «ТрыТэ» ў іншым праекце з баўгарскім прадусарам Аванэсам Мелік-Пашаевым. Там пазнаёміліся з прадусарам «Движение вверх» Леанідам Верашчагіным і супрадусарам гэтай карціны Мікітам Міхалковым. Яны прапанавалі мне паўдзельнічаць у стварэньні сцэнару. Далі мне кнігу Сяргея Бялова (баскетбаліст той зборнай СССР — РС) «Движение вверх», сказалі, што гэта будзе літаратурная аснова, а я мушу прыдумаць той сюжэт, структуру, якая выйграе конкурс праектаў Міністэрства культуры. Так і атрымалася. Я напісаў тады сцэнар, які ўхваліла і фінансавала Міністэрства культуры.
— З кім разам вы пісалі сцэнар і за што канкрэтна адказвалі?
— Ну, гэта не вытворчасьць, хто падшыпнікі, а нехта балванкі. У нас жа творчы працэс, таму там няма разуменьня, хто за што адказваў. Мы пісалі зь Мікалаем Куліковым. Ён пісаў фінальныя вэрсіі, якія знаходзіліся ў вытворчасьці, а я пісаў літаратурную аснову, якая павінна была выйграць міністэрскі конкурс.
— Ці вывучалі вы гісторыю гэтай гульні, Алімпіяды ў Мюнхэне?
— Канечне, давялося многа вывучаць. Мне трапіла ў рукі згаданая кніга, я адштурхоўваўся ад таго, што там было напісана. А ўсё астатняе было ў відэаматэрыялах. У інтэрнэце вялікая колькасьць інфармацыі і пра той матч, і пра саму Алімпіяду, і пра зборную СССР, і пра кожнага гульца. Даводзілася падымаць вялікія пласты інфармацыі.
«Ядэшка падышоў да мяне і абняў»
— Што вы для сябе зразумелі пасьля працы над сцэнаром?
— Было складана, бо працуеш з рэальнымі пэрсанажамі. Бо ты разумееш, што не атрымаецца ў дзьве гадзіны фільму, зь якіх яшчэ 35 хвілін займае матч, укласьці некалькі гадоў іх жыцьця. А там больш, калі больш 15 рэальных пэрсанажаў і вялізная колькасьць падзей. Ты разумееш, што нешта будзеш выбіраць, нешта мяняць, нешта прыдумляць. Гэта аб’ектыўны працэс. Выбар самага цікавага і важнага — самы складаны момант.
— Апроч гэтай тэхнічнай працы, якія высновы вы яшчэ зрабілі для сябе?
— Я разумею, наколькі асабістая гісторыя тут пераплеценая з агульнадзяржаўнай і агульнапалітычнай. Для мяне быў вельмі складаны выбар, як наагул пісаць гэты сцэнар, улічваючы, што на Алімпіядзе 1972 году быў тэракт адносна ізраільскай зборнай. І якія пачуцьці, эмоцыі і ўчынкі павінны адпавядаць гэтай сытуацыі?
Я спрабаваў зразумець, як, знаходзячыся ў закрытай краіне, людзі выяжджаюць за мяжу і бачаць зусім іншае. Там насамрэч вельмі цікавыя ўзаемаадносіны ў камандзе, бо гэта мужчынскі калектыў, дзе кожны ў нечым лідэр. Гэта разуменьне і дружбы, і саперніцтва, і процістаяньня таксама было няпростым. Многа рэчаў, пра якія давялося думаць і прымаць нейкія ўнутраныя рашэньні.
— Ці сустракаліся вы зь беларускім удзельнікам каманды Іванам Ядэшкам, калі пісалі сцэнар?
— Не. Гэта была шмат у чым прадусарская пазыцыя, каб нікога з каманды не падключаць, пакуль ня дойдзе да здымак. З адной простай прычыны: у кожнага гульца свой уласны погляд на гэтую падзею. І каб не было нейкага аднаго пункту погляду, усе кансультанты былі падключаныя пазьней, калі трэба было выверыць нейкую тэхналягічную, баскетбольную, спартыўную дакладнасьць. Інакш кожны гулец мог сказаць, што гэтага не было ці гэта было ня так. І гэта не дазволіла б зрабіць цэласны мастацкі сцэнар.
Але Ядэшка прыяжджаў у Беларусь, прадстаўляючы карціну, падышоў да мяне, абняў і сказаў, што гэта бліскучая работа.
«Ну, калі яны хочуць вярнуцца ў СССР, асабіста мне туды ня хочацца»
— А як вы думаеце, ці такія фільмы падтрымліваюць настальгію па СССР? Магчыма, у час пэўнага вяртаньня «халоднай вайны» і пасьля анэксіі Крыму гэта набывае спэцыфічную афарбоўку?
— Тут жа яшчэ пытаньне пэўнай эстэтыкі, якую ня я абіраю. Сам па сабе спорт — гэта вельмі добрая справа, і прапагандаваць баскетбол — чым дрэнна? І чым яго прапагандаваць, калі не перамогамі на рэальных спартовых мерапрыемствах? Там адноўлена ўся гісторыя падзей.
Цяпер Расея ў тым псыхалягічным стане, калі ўра-патрыятызм пачынае набываць пачварныя формы
Іншая справа, якія акцэнты цяпер запатрабаваныя ў расейскім грамадзтве. Насамрэч цяпер сама Расея ў тым псыхалягічным стане, калі гэты ўра-патрыятызм пачынае іншым разам набываць нейкія пачварныя формы. Як беларус я гэта цудоўна адчуваю. Я разумею, што нечым асабліва паўплываць на гэта мы наўрад ці можам. Гэта іх, расейцаў, уласны выбар, у што верыць і да чаго імкнуцца. Ну, калі яны хочуць вярнуцца ў СССР, асабіста мне туды ня хочацца.
— Які патрыятызм мае выклікаць фільм? Расейскі, савецкі? І што рабіць беларускім гледачам?
— Для кожнага свой. Людзі сталага веку часта настальгуюць па Савецкім Саюзе. Маладым падабаецца драйв баскетболу, саперніцтва і прыгажосьць гульні. Людзі, выхаваныя на галівудзкім кіно, убачаць там вельмі многа амэрыканскіх хадоў і параўнаюць гэты фільм з галівудзкімі.
Мастацтва — гэта тая рэч, дзе кожны абірае сваё, зыходзячы з уласнага ўзроўню мысьленьня, культуры, іншым разам сапсаванасьці. У гэтым фільме прадстаўленая вялізная палітра магчымасьцяў, каб падумаць і ўзяць нешта рэальна добрае.
Беларусы — пасіўны народ. Дык няхай паглядзяць, як трэба змагацца
— А што можна ўзяць беларускім гледачам?
— Ім трэба адчуць гэты байцоўскі дух, запал. Беларускі глядач — пасіўны. Наогул беларусы — пасіўны, вельмі не байцоўскі народ, ва ўсякім разе цягам многіх апошніх гадоў. Дык няхай паглядзяць, як трэба змагацца.
«Мы здымалі не дакумэнтальнае кіно, а мастацкае»
— Ці маюць нейкія прэтэнзіі да фільму сваякі ці самі спартоўцы?
— Я ведаю, што ўдовы некаторых гульцоў сказалі, што ёсьць біяграфічныя недакладнасьці і яны незадаволеныя, што прадусар не ўзгадняў зь імі сцэнар. Але мы здымалі не дакумэнтальнае кіно, а мастацкае.
Як і любы мастацкі фільм, гэта бачаньне мастака
Нягледзячы на тое, што яно базуецца на рэальных падзеях, там многа прыдуманага і сканструяванага. Гэтага ніхто не адмаўляе. Як і любы мастацкі фільм, гэта бачаньне мастака. Ёсьць мноства дакумэнтальных фільмаў пра гэты матч, а гэты — мастацкі.
Калі параўноўваць, можна паглядзець там амэрыканскі «Пэрл-Харбар», калі з галоўнага паражэньня амэрыканскага флёту яны зрабілі перамогу. І мноства іншых фільмаў. Што рабіць, калі рэальнасьць у дакумэнтальным варыянце не падыходзіць для мастацкага ўвасабленьня? Ты як мастак усё роўна нешта дадаеш і прыдумляеш.
— А дзеля чаго былі гэтыя прыдумкі, як вы кажаце?
— Бо ў паўтары гадзіны павінна зьмясьціцца больш за тры гады жыцьця 15 пэрсанажаў, мноства розных фактаў. І пры гэтым трэба захаваць усю дакладную рэалістычнасьць.
Калі Талстой пісаў «Вайну і мір», Кутузаў і Напалеон так не выглядалі і такімі не былі
Цудаў не бывае. Калі Талстой пісаў «Вайну і мір», Кутузаў і Напалеон так не выглядалі і такімі не былі. Талстой проста хацеў празь іх процістаяньне нешта сказаць. І калі я пісаў, таксама нешта хацеў сказаць. Мне ж не цікава быць фатографам. Мне цікава зрабіць мастацкае выказваньне. Я стараўся яго зрабіць, як і ўсе, хто працаваў над гэтай карцінай.
— Навошта з прасавецкага літоўца і капітана зборнай Мадэстаса Паўлаўскаса вы зрабілі антысаветчыка?
— Гэта драматургічны ход. Бо такі настрой панаваў у самой Літве, і гэта вельмі хутка пацьвердзілася празь літаральна дзесяцігодзьдзе зь невялікім. Бо гэтыя краіны не хацелі жыць у СССР. Ну, і хацелася адлюстраваць такі альтэрнатыўны погляд на гэты савецкі патрыятызм.
Магчыма, Паўлаўскас і быў прасавецкі. А магчыма, і ня быў. А вось пэрсанаж зрабілі такім, які мае сваю, адрозную ад ўсіх гэтых савецкіх чыноўнікаў пазыцыю. Яму ня вельмі падабаецца ўсё, што адбываецца ў СССР. І гэта добра, бо калі б уся каманда толькі хадзіла і ўслаўляла Савецкі Саюз, фільм быў бы менш складаны.
Дакумэнтальныя кадры алімпійскага фіналу-1972
— А чаму праігнаравалі ўкраінскіх чальцоў зборнай?
— Там у камандзе ёсьць пэрсанаж Палівода. Але так атрымалася, што пераможны пас даў беларус Ядэшка, а лідэрамі зборнай былі два расейцы — Сяргей і Аляксандар Бяловы. Гэта аб’ектыўна. Яны гэтую гульню зрабілі. Магчыма, не такая прыкметная баскетбольная роля была ва ўкраінскіх спартоўцаў канкрэтна ў гэтым матчы.
— У чым вы бачыце сакрэт касавай пасьпяховасьці фільму?
— Проста атрымаўся вельмі добры фільм. Ён склаўся сцэнарна. І калі пісаў, то мучыўся, як зрабіць гэта цікава. І раптам рэжысэр Антон Мегердзічаў знайшоў тыя хады, калі насамрэч гэта не страляніна, не касьмічныя караблі, не іншаплянэтнікі, а баскетбол — і гэта глядзець цікава. Усё склалася ў вельмі цікавае кіно. Бо бальшыня гледачоў цяпер прыходзіць не дзякуючы рэкляме, а праз добрыя водгукі.