На тэрыторыі ЧАЭС рыхтуюцца вырабляць электраэнэргію з сонца

Першую сонечную электрастанцыю, пабудаваную ў Чарнобыльскай зоне адчужэньня, павінны запусьціць на працягу студзеня, паведаміў Радыё Свабода ўкраінска-нямецкі інвэстар, які рэалізуе гэты праект.

Радыяцыйнае забруджваньне тэрыторыі ні стала непераадольнай перашкодай: сонечныя панэлі разьмясьцілі непасрэдна каля Чарнобыльскай АЭС, усяго ў ста мэтрах ад чацьвёртага энэргаблёку.

«Гэта адзіная прыватная інвэстыцыя ў Чарнобыльскую зону з 1986 года. Гэта прыклад таго, што ва Ўкраіне магчыма рэалізаваць транспарэнтны бізнэс. Гэты праект зьяўляецца пілётным, і пасьля яго запуску мы маем праграму працягу інвэстыцый у будаўніцтва сонечных электрастанцыяў большай магутнасьці, у Чарнобыльскай зоне ў прыватнасьці», — паведаміў Радыё Свабода інвэстар гэтага праекта, дырэктар украінска-нямецкай кампаніі Solar Chernobyl Яўген Варагін.

Усяго каля 60 замежных і ўкраінскіх кампаній зацікавіліся інвэстыцыямі ў сонечную энэргетыку ў зоне адчужэньня, паведамляюць ва ўрадзе Ўкраіны. Чыноўнікі і частка экспэртаў чакаюць, што інвэстыцыі ў «сонечную» галіну зьменшаць залежнасьць Украіны ад імпарту газу і іншых энэрганосьбітаў.