«Украіна ня прыме ад Расеі свае караблі ў абмен на адмову ад паўвострава. Крым за караблі не прадаем, не здаем і не мяняем», — заявіла першы віцэ-спікер Вярхоўнай Рады Ірына Герашчанка. «Зьневажальнай падачкай» назваў заяву Пуціна лідэр забароненага ў Расеі Мэджліса крымска-татарскага народу Рэфат Чубараў, паклікаўшы Кіеў адмовіцца ад прапановы расейскага прэзыдэнта.
У сваю чаргу былы камандуючы Ваенна-марскімі сіламі Ўкраіны Сяргей Гайдук, камэнтуючы словы Пуціна, адзначыў, што сумняваецца ў перадачы расейцамі спраўных караблёў і вайсковай тэхнікі. У якасьці прыкладу ён прывёў разьдзел савецкага Чарнаморскага флёту ў 90-я гады, заявіўшы, што караблі, якія Масква перадавала Кіеву, знаходзіліся ў «жудасным стане», а некаторыя вузлы былі наўмысна пашкоджаныя.
11 студзеня Ўладзімір Пуцін на сустрэчы з кіраўнікамі расейскіх СМІ заявіў, што Расея гатовая перадаць Украіне яе вайсковыя караблі і авіятэхніку з Крыма. Пасьля расейскай анэксіі паўвострава там засталіся 11 баявых караблёў і катэраў, якія належаць ВМС Украіны, у тым ліку дэсантны карабель «Канстанцін Альшанскі», карвэт «Цярнопаль», марскі тральшчык «Чаркасы», 6 дапаможных вадаплаваў і больш за 2000 адзінак тэхнікі.