Беларускія ўлады заплянавалі на гэты год паскарэньне росту ВУП да 3,5%. У той жа час банкаўскія аналітыкі лічаць, што перадумоваў для такога разьвіцьця падзеяў няма.
«Мы ня бачым фактараў, якія маглі б аказаць істотную падтрымку эканамічнаму паскарэньню у 2018 годзе. Паводле нашых ацэнак, рост ВУП па выніках году складзе каля 2,2% і будзе абмежаваны назапашанымі структурнымі праблемамі ў беларускай эканоміцы», — цытуе вытрымку з агляду агенцтва БелаПАН.
Сярод іншага расейскія экспэрты адзначаюць, што беларускія ўлады дагэтуль ня вырашылі пытаньня вельмі неэфэктыўнага і неапраўдана вялікага дзяржсэктару. Пры гэтым яны сумняваюцца, што беларускія ўлады гатовыя ісьці на такія рэформы.
«Рэформа дзяржсэктара застаецца найважнейшай задачай, якая ў выпадку рэалізацыі створыць падмурак для стабільнага доўгатэрміновага росту. З другога боку, рэформа будзе патрабаваць ад уладаў жорсткіх крокаў, зьвязаных зь неабходнасьцю банкруцтва нерэнтабельных прадпрыемстваў са спадарожным скарачэньнем пэрсаналу ды іншых непапулярных захадаў», — падкрэсьліваюць аўтары.
У сьнежні 2017 году выканаўчая рада Міжнароднага валютнага фонду настойліва рэкамендавала беларускім уладам праводзіць структурныя рэформы.
«Выканаўчыя дырэктары фонду заклікалі афіцыйныя органы Беларусі выкарыстаць момант аднаўленьня эканомікі для правядзеньня паглыбленых і паскораных рэформаў у рэальным сэктары для падвышэньня прадукцыйнасьці, тэмпаў росту і ўстойлівасьці эканомікі да ўзрушэньняў. Яны адзначылі выключную важнасьць рэформы сэктару дзяржаўных прадпрыемстваў для дасягненьня гэтых мэтаў», — падкрэсьліваецца ў заяве рады.