Звольненаму міліцыянту Вусіку суд адмовіў у аднаўленьні на працы

Звольнены міліцыянт Ігар Вусік з Крычава

Менскі гарадзкі суд пакінуў бязь зьменаў пастанову суду Цэнтральнага раёну Менску аб адмове ў патрабаваньні былога супрацоўніка Крычаўскага РАУС Ігара Вусіка аднавіць яго на працы і кампэнсаваць маральную шкоду.

Як нагадвае БелаПАН, у лютым 2017 году Вусік, які займаў пасаду начальніка аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі Крычаўскага РАУС, і дзесяць яго падначаленых звярнуліся да міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча са скаргай на сваё кіраўніцтва — начальніка РАУС Станіслава Чупрына і яго намесьніка Васіля Ціханенкі.

У звароце гаварылася пра паборы, абразы і наўмыснае стварэньне службовых перашкодаў. Аўтары скаргі падрабязна апісалі ўмовы працы ў спадзяваньні, што ў Менску разьбяруцца ў няпростай сытуацыі.

Праверка МУС у Крычаве выявіла парушэньне дысцыпліны і ведамасных нарматыўных актаў з боку як кіраўніка РАУС, так і аўтараў скаргі. Але ў выніку начальнік крычаўскай міліцыі Чупрын на сваёй пасадзе застаўся, а Вусік і некаторыя яго калегі ў траўні былі звольненыя. Іх абвінавацілі ў публічным распаўсюдзе інфармацыі, якая дыскрэдытуе органы ўнутраных спраў.

Ігар Вусік зьвярнуўся ў суд Цэнтральнага раёну Менску. 28 чэрвеня 2017 году судзьдзя Аляксандар Длужнеўскі адмовіў былому міліцыянту ў задавальненьні пазову — у прыватнасьці, у аднаўленьні на службе.
Былы міліцыянт абскардзіў рашэньне раённага суду.

Скарга была разгледжана ў Менскім гарадзкім судзе 11 студзеня. Папярэдняе рашэньне пакінута бязь зьменаў, паведаміла БелаПАН памочніца старшыні Менгарсуду Настасься Шыльвян. Вусік пісьмова прасіў кіраўніцтва гарадзкога суду адкласьці разгляд скаргі да канца месяца, калі прыедзе ў Беларусь, аднак атрымаў адмову.

Як пісала Свабода, цяпер Ігар Вусік жыве і працуе ў Расеі. Кажа, што, нягледзячы на судовыя рашэньні, будзе працягваць абараняць правы свае і сваіх пацярпелых калегаў.

Звольнены крычаўскі міліцыянт Ігар Вусік зьехаў за мяжу, але працягвае судзіцца з МУС Беларусі