Пра рашэньне Міністэрства замежных спраў Польшчы, сярод іншых, паведаміў і сайт Саюзу палякаў Беларусі. Аднак камэнтаваць гэтае рашэньне, а таксама даробак дыплямата для беларуска-польскіх дачыненьняў, у арганізацыі беларускіх палякаў адмовіліся.
«Гэта рашэньне МЗС. Мы грамадзкая арганізацыя і нам тут няма чаго камэнтаваць», — сказаў сябра галоўнай управы СПБ Анджэй Пачобут.
Як распавяла Радыё Свабода крыніца ў МЗС Польшчы, пра хуткі ад’езд Конрада Паўліка зь Менску было вядома яшчэ да адстаўкі Вітальда Вашчыкоўскага, які ў 2016 годзе накіроўваў пасла ў Менск. Паводле гэтай крыніцы, сам Конрад Паўлік папрасіў адклікаць яго з пасады пасла ў Менску.
Іншая крыніца дадае, што хаця фармальна гэта Паўлік папрасіў аб адстаўцы, ягоны ад’езд зь Менску быў заплянаваны ў Варшаве.
Ён канфліктаваў з кіраўніцтвам Саюзу палякаў у Беларусі, зь Белсатам.
«Конрада Паўліка нельга назваць найлепшым польскім амбасадарам, якога Варшава накіроўвала ў Менск. Ён канфліктаваў з кіраўніцтвам Саюзу палякаў у Беларусі, зь Белсатам. Шмат для каго незразумелымі былі ягоныя дакучлівыя спробы ўключыць TVP Polonia ў Беларусі, нават на ўзроўні рэгіёну, неабавязкова ў Менску. За вялікае дасягненьне ён выдаваў выкладаньне польскай мовы ў некалькіх школах, называючы іх «польскімі клясамі», — распавяла Свабодзе крыніца, блізкая да МЗС Польшчы.
«Ён шмат зрабіў. Польска-беларускія адносіны выйшлі на іншы ўзровень. Дзякуючы яму было рэалізавана больш за 100 праектаў. Гэта сацыяльныя, эканамічныя і культурніцкія ініцыятывы. Пры ім адбывалася нармалізацыя адносінаў. Для яго паляпшэньне дачыненьняў паміж Польшчай і Беларусьсю было вельмі важнай справай місіі ў Менску», - распавяла Свабодзе крыніца блізкая да польскіх дыпляматаў у Менску.
Паводле камэнтару МЗС Польшчы, адстаўка пасла ня мае палітычнагна падтэксту.
***
Конрад Паўлік — прафэсійны дыплямат. У МЗС Польшчы ён працуе ад 2007 году. Ад 2010 па 2012 год ён працаваў у Сталым прадстаўніцтве Польшчы пры Арганізацыі эканамічнай супрацы й разьвіцьця (OECD) ў Парыжы. У 2012-2014 гадах быў намесьнікам дырэктара Дэпартамэнту па справах Усходняй Эўропы МЗС, а пазьней дырэктарам. Працаваў упаўнаважаным міністра замежных справаў па справах «Усходняга партнэрства». Апошнія два гады перад прызначэньнем паслом Конрад Паўлік каардынаваў замежную дапамогу Польшчы, супрацоўніцтва з палякамі замежжа, усходнюю палітыку й пытаньні бясьпекі.