Нью-Ёрк падаў у суд на нафтавыя кампаніі праз глябальнае пацяпленьне

Нью-Ёрк

Улады Нью-Ёрку падалі ў суд на некалькі буйных нафтавых карпарацый, каб атрымаць кампэнсацыю за намаганьні па абароне гораду ад наступстваў глябальнага пацяпленьня. Усяго мэгаполіс вылучыў каля 20 мільярдаў даляраў на мадэрнізацыю інфраструктуры, у тым ліку на абарону жыхароў ад высокіх тэмпэратур.

У мэрыі лічаць, што энэргетычныя кампаніі ведалі пра наступствы спальваньня выкапнёвага паліва для атмасфэры плянэты і наўмысна адмаўлялі глябальнае пацяпленьне, каб іх продажы ня ўпалі. Улады Нью-Ёрку таксама пачнуць шукаць спосабы адмовіцца ад інвэставаньня сродкаў пэнсійных фондаў у нафтаздабыўчыя карпарацыі.

Сярод адказчыкаў — BP, Exxon Mobile, Chevron, ConocoPhillips і Royal Dutch Shell. Прадстаўнікі нафтавых кампаній раскрытыкавалі пазоў і назвалі яго неабгрунтаваным.

У чэрвені мінулага году прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў аб выхадзе з Парыскага пагадненьня па клімаце. Ён таксама назваў тэорыю глябальнага пацяпленьня выдумкай. Рашэньне прэзыдэнта ЗША раскрытыкавалі лідэры многіх краін.

Паводле дадзеных Сусьветнай мэтэаралягічнай арганізацыі, 2017 год увайшоў у гісторыю назіраньняў як адзін з самых цёплых. Дасьледчыкі падкрэсьліваюць, што колькасьць вуглякіслага газу ў атмасфэры працягвае расьці, а ўзровень мора павышаецца.