Новы закон яшчэ мае падпісаць прэзыдэнт. Але няма сумневу, што Анджэй Дуда гэта зробіць, паколькі ён падтрымаў гэтыя зьмены, піша Gazeta Wyborcza.
Без абмежаваньняў набыткі можна будзе зрабіць толькі ў дзьве нядзелі перад Калядамі, нядзелю напярэдадні Вялікадня, а таксама апошнія нядзелі ў студзені, чэрвені і жніўні.
Так будзе ад 2020 году. Да гэтай пары будуць працаваць пераходныя правілы. У 2018 годзе крамы будуць адчыненыя дадаткова ў першую і апошнюю нядзелю месяца, а ў 2019 годзе — толькі ў апошнюю нядзелю месяца.
24 сьнежня, напярэдадні Калядаў, а таксама ў суботу перад Вялікаднем, набыткі можна будзе рабіць да 14.00. Калі нядзеля супадзе зь дзяржаўным сьвятам, то зрабіць пакупкі ў гэты дзень таксама будзе немагчыма.
Новы правілы павінны ўвасьці ў жыцьцё з 1 сакавіка 2018 году.
У законе прапісаныя 30 выключэньняў з забароны гандлю ў нядзелю. Адчыненыя ў выходныя будуць малыя крамы, аптэкі, крамы з сувэнірамі і прадметамі рэлігійнага культу, шапікі з прэсай, квіткамі, тытынёвымі вырабамі, пошты, крамы на на вакзалах і лётнішчах.