«Так жыць можна, але разьвіцьця няма»
Напачатку дактары абвясьцілі дзяўчынку нежыцьцяздольнай. Потым казалі што ня зможа хадзіць і пазнаваць блізкіх. Але ў васем гадоў Іра ўжо і хадзіла, і трохі плавала, і чытала, нават па-ангельску. Год таму Іра пайшла ў першую клясу звычайнай менскай школы. Бацькі спадзяваліся, а школа запэўнівала, што ўсё атрымаецца.
Але за год праявіліся многія хібы дзяржаўнай сыстэмы інклюзіі — уключэньня асаблівых дзяцей у агульны навучальны працэс.
Клясы перапоўненыя, і на працу з асаблівым дзіцем у настаўнікаў застаецца надта мала часу й сілаў. Пераважную большасьць часу асаблівыя дзеці праводзяць асобна ад іншых — напрыклад, на занятках з дэфэктолягам. Таму, насуперак ідэі інклюзіі, яны бачаць іншых дзяцей толькі зрэдку — на перапынках ці ў сталоўцы.
Настаўнікі меліся б праходзіць спэцкурсы па працы з асаблівымі дзецьмі, але гэтая вучоба адбываецца ў вечары, у рэдкі вольны час. Можна езьдзіць на сэмінары й за мяжу — але за свой кошт. І даплата за гэтую працу малая. Зразумела, што такі ж невялікі і энтузіязм настаўнікаў: мала хто стала наведвае тыя курсы.
Маці Іры, Інга Дубініна, ня схільная вінаваціць настаўнікаў ці школу:
«Школа спрабуе, стараецца, але ўсё кінута на настаўніка. А падтрымкі яму няма. Прайсьці спэцкурсы — лішні клопат пры і так вялікай нагрузцы. Цалкам зразумела, што настаўнікі бачаць у асаблівых дзецях сваю праблему. Нічога ж не атрымаецца, калі чалавека прымушаць, а ён не гатовы. А фактычна настаўнікаў 1-га верасьня ставяць перад фактам — будзе гэткая кляса, а ў ёй асаблівае дзіцё».
Навучыўшыся шмат чаму падчас змаганьня за здароўе і правы сваёй дачкі, Інга Дубініна стварыла грамадзкую арганізацыю «Леванія» — цэнтар дапамогі асаблівым дзецям. Там вывучаюць сусьветны досьвед, прыстасоўваюць замежныя праграмы да беларускіх рэаліяў, вучаць цьютараў і настаўнікаў. Так што ў перамовах са структурамі адукацыі ці ўлады яна падрыхтаваны спэцыяліст. Кажа, што ў прыватных размовах з прадстаўнікамі адукацыі можна часам пачуць: «Вы жадаеце са свайго 77-га ўзроўню нас зь 1-га адразу на 7-ы зацягнуць. Але мы лепш паціху пойдзем, і так добра».
«А я хачу хутчэй, так, — прызнаецца Інга. — Колькі можна чакаць? Ды й з такога „паціху“ сэнсу ж мала, а можна дасягаць большага. Для свайго дзіцяці можна выстраіць ідэальную сыстэму, але трэба б памяняць да лепшага агульную сыстэму для ўсіх. Тым больш што ў закасьцянелай, як лічыцца, кансэрватыўнай дзяржаўнай сыстэме ёсьць цудоўная магчымасьць для паскарэньня працэсу: варта дасягнуць рэальнай інклюзіі ў адной школе, як гэты досьвед імгненна робіцца вядомым і адкрытым для перайманьня ўсімі».
Але пакуль што складанасьці могуць узьнікаць у любы момант. Напрыклад, паводле закону асабліваму дзіцяці патрэбны суправаджальнік — цьютар. Яго школа мусіць залічыць у штат, а стаўку аплочваць выканкам. Але за год цьютара для Іры ў штат так і не ўзялі. У інструкцыі напісана, што суправаджальнік забясьпечваецца дзецям з аўтызмам. У Ірынкі падобныя праявы, але код хваробы ў сьпісе Міністэрства аховы здароўя іншы. Таму ў выканкаме сказалі, што нельга. Маці сама вывучыла кіпы дакумэнтаў і знайшла, што таксама суправаджальнік мусіць быць для дзяцей з праблемамі руху. Тады ўжо чыноўнікі пагадзіліся і абяцалі забясьпечыць.
Дзяржструктуры, як толькі бачаць магчымасьць адказаць „не“, дык адразу і кажуць „не“.
«А я лічу, што бацькі не павінны быць экспэртамі, — кажа маці. — Бацькі мусяць прыйсьці ва ўстанову і атрымаць адказы на ўсе пытаньні, а пажадана і дапамогу. А ў рэальнасьці дзяржструктуры, як толькі бачаць магчымасьць адказаць „не“, дык адразу й кажуць „не“ ды адпраўляюць дахаты. З такім стаўленьнем жыць можна — узялі ж у школу, неяк вучаць, надта не ганяюць — а многія дзеці з асаблівасьцямі наогул дагэтуль у інтэрнатах сядзяць. Але разьвіцьця няма.
Да пачатку другога году школа ды чыноўнікі пачалі вырашаць агучаныя бацькамі праблемы. Але тыя ўжо стаміліся змагацца, пераадольваць стаўленьне да сябе як да праблемы і сышлі. Дзіця перавялі на хатняе навучаньне. Іра застаецца пад наглядам той жа школы, дзе вучылася першы год, двойчы на тыдзень да яе ходзіць настаўніца, правярае заданьні.
А тое, чаго мы дамагліся ўнутры дзяржаўнай сыстэмы, хай ужо пойдзе на карысьць іншым», — кажа Інга.
Бацькі Іры прызнаюць, што год у звычайнай школе даў іхнай дачцэ вельмі шмат. Найперш у сацыялізацыі. Ірынка навучылася трываць непрыемнае для сябе, але патрэбнае для агульнай справы, чакаць у чарзе, выказваць сваю нязгоду словамі. Асьцярога ж, што «звычайныя» дзеці ня прымуць «асаблівых», што будуць вострыя канфлікты, ня спраўдзіліся.
«Нават у стаўленьні сыстэмы ды суправаджальнікаў чуліся ахоўныя ноты, — прыгадвае Інга Дубініна, — быццам цьютар мусіць абараняць звычайных дзяцей ад асаблівых. Гэта ня толькі дзіка гучыць. Насамрэч і тыя дзеці прынялі „праблемную“ аднаклясьніцу вельмі хутка. Вядома ж, як заўсёды і паўсюль, былі тыя, хто крыху цураўся. Але большасьць дзяцей прызвычаілася за два тыдні. Іру бралі ў кампанію, чакалі, ня трэба было шукаць, хто возьме яе ў пару, каб ісьці ў сталоўку. А калі раптам хто зь яе хацеў пасьмяяцца — тут жа заступаліся: „А каб у цябе была храмасома паламаная?“».
Проста захацець
Веды, камунікацыю і новыя навыкі ў дадатак да хатніх заняткаў Іра атрымлівае ў гуртку разьвіцьця пад назвай «Школка на падворку». Ад гэтага досьведу бацькі ў захапленьні. Тут таксама ніхто адмыслова не вучыўся працаваць з асаблівымі дзецьмі, але штодня ўсе працуюць разам: і настаўнікі, і бацькі, і дэфэктолягі, і адміністрацыя.
Настаўніца «Школкі» Любоў кажа, што да прыходу Іры, з аднаго боку, ніяк не рыхтаваліся, нават да канца жніўня ня ведалі, што будзе ў іх асаблівае дзіця, а з другога боку, даўно разглядалі такую магчымасьць.
«На жаль, я ня маю спэцыялізацыі па працы з асаблівымі дзецьмі. Ці на шчасьце. Іра проста прыйшла да нас, і мы сталі па ходу карэктаваць навучальную дзейнасьць. Напрыклад, для Іры варта больш разоў паўтараць заданьні і часьцей рабіць перапынкі».
Зрэшты адсутнасьць жорсткай загадзя заплянаванай праграмы маці асаблівага дзіцяці лічыць плюсам, і наадварот поўнае падпарадкаваньне праграме, хай нават добра распрацаванай, — мінусам.
Як можна ісьці за агульнай праграмай? Усе ж розныя!
«Як можна ісьці за агульнай праграмай? Усе ж розныя! — дзівіцца Інга Дубініна. — Нават для звычайных дзяцей за праграмай трэба найперш бачыць канкрэтнае дзіця, а з асаблівымі тым больш».
І прыводзіць красамоўны прыклад. Звычайнае практыкаваньне — уставіць у словы правільныя прапушчаныя літары. Паўсюль па праграме для гэтага існуюць адмысловыя пропісы: словы надрукаваныя, у пропускі дзеці маюць напісаць літары. Але Іра, хоць чытае па-расейску, беларуску і ангельску, пісаць ня можа фізычна. І калі прамаўляць будзе, асобныя літары на слых цяжка разабраць. «Па праграме» — усё, заданьне ня выкананае. Што робіць настаўніца з прыватнай школкі? Яна тут жа нарвала яшчэ асобных паперак, напісала на іх патрэбныя літары — і Іра змагла паказваць на паперку ці перацягваць яе на патрэбнае месца. І адказала правільна: 10 з 10.
«Настаўніца яшчэ не вучылася на спэцкурсах. Яна проста ўнутрана адчула, што можа быць пэрсанальны падыход. Яна проста захацела. І ўсё атрымалася».