Для навасёлаў выгарадзілі адмысловы карантынны вальер на 12-гектарнай плошчы, завезьлі сена, асіньнік, соль. Прыкладна шэсьць месяцаў алені будуць праходзіць тут адаптацыю. Калі новы прыплод падрасьце, чараду выпусьцяць на волю — гадавацца ў лесе.
Закупілі аленяў празь Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Першы намесьнік старшыні таварыства Анатоль Малажаўскі паведаміў Свабодзе, што жывёлы набытыя ў межах дзяржаўнай праграмы «Беларускі лес» на 2016-2020 гады.
«У Беларусі папуляцыя аленяў складае толькі 17 адсоткаў ад аптымальнай колькасьці. Апошнія зьвесткі падсумоўваюцца, лічба зьменіцца нязначна — будзе максімум 19 адсоткаў. Алень слаба прадстаўлены на тэрыторыі нашай краіны», — кажа Анатоль Малажаўскі.
Сродкі пайшлі ад збораў на паляваньне
Паводле намесьніка старшыні БТПР, сродкі на куплю аленяў скарыстаныя ад збораў на дазвол паляваньня, якія акумулююцца на рахунках аблвыканкамаў. Апроч таго, невялікія сродкі ў межах дзяржаўнай праграмы мэтава выдзелены таварыству паляўнічых і рыбаловаў менавіта на разьвіцьцё папуляцыі аленяў на Мазыршчыне, дзе іх, па сутнасьці, няма, а калі і сустракаюцца, дык толькі адзінкі.
Паводле зьвестак БТПР, на іхных угодзьдзях цяпер жыве 2,6 тысячы аленяў, 13,6 тысячы ласёў, 35,5 тысячы эўрапейскіх казуляў, 33,1 тысячы баброў, 17 тысяч цецерукоў і каля 900 ваўкоў.
Два гады таму таварыства стварыла аленевую фэрму, і 10 студзеля паўсотні асобін перасялілі ў Шаркаўшчынскі раён Віцебскай вобласьці. Гэта пакуль адзіны выпадак, калі пашырэньне папуляцыі такіх жывёлін зроблена за кошт унутраных рэсурсаў. Раней, па лініі Мінпрыроды і Мінлесгасу, расьсяляліся белавескія зубры, у прыватнасьці на Гомельшчыну.
Іншых дзікіх жывёл (казуль, муфлонаў), як і аленяў, Беларусь набывае за мяжою.