Менскі гарадзкі суд прызначыў на 11 студзеня разгляд скаргі звольненага з Крычаўскага РАУС Ігара Вусіка. Былы міліцыянт заявіў аб немагчымасьці сваёй прысутнасьці на судовым працэсе — ён цяпер працуе ў Расеі. Ігар Вусік просіць не разглядаць касацыйную скаргу падчас яго адсутнасьці, бо, як ён напісаў у лісьце на імя старшыні Менгарсуду, «зьявіліся новыя абставіны справы».
Свабода знайшла былога крычаўскага міліцыянта ў Маскве, дзе ён цяпер працуе ў сфэры ахоўнай дзейнасьці. «Буду змагацца да апошняга — я нічога не парушыў»
— Чаму вы настойваеце на пераносе судовага працэсу, не пагаджаецеся, каб разгляд касацыйнай скаргі адбыўся бяз вашай прысутнасьці? Пра якія новыя абставіны вы напісалі старшыні Менскага гарадзкога суду?
— Мяне звольнілі з органаў МУС 17 траўня 2017 года, а сем з паловай месяцаў я ня мог на рукі атрымаць копію свайго кантракту. Толькі калі я напісаў другую касацыйную скаргу, у канцы сьнежня мне даслалі копію. Другі аркуш кантракту папраўлены: у 2013 годзе, калі я падпісваў яго, у ім дакладна не было пункта «аб забароне распаўсюду ў сетцы інтэрнэт і СМІ інфармацыі, якая дыскрэдытуе дзяржаўныя органы». Подпіс на другой старонцы дакладна ня мой, дата прастаўленая не маёй рукой. Да таго ж, паводле службовых абавязкаў я павінен быў штомесяц выступаць у СМІ. Так што я нічога не парушыў, наадварот, мы прыпынялі карупцыйныя дзеяньні з боку кіраўніцтва.
Я маю намер правесьці незалежную почырказнаўчую экспэртызу і абвінавачваю службовых асобаў МУС у злачынстве, зьвязаным з перавышэньнем службовых паўнамоцтваў і незаконным звальненьнем. Буду змагацца да апошняга. У лістападзе было ўжо адно паседжаньне ў Менгарсудзе, а пастановы я дагэтуль не атрымаў. Гэта натуральна і чакана, бо суджуся я зь Міністэрствам унутраных спраў.
«Вельмі хачу, каб міністар Шуневіч прысутнічаў на судзе — мару яму ў вочы паглядзець»
— А як вы ацэньваеце вынікі праверкі, якую зрабіла Міністэрства ўнутраных спраў у Крычаўскім РАУС пасьля вашай скаргі?
— Сьмеху варта. Начальнік Крычаўскай міліцыі і ягоны намесьнік як працавалі, так і працуюць. Гэта проста адпіска, укрывальніцтва. Бо калі б МУС прызнаў парушэньні, пасыпаліся б аналягічныя скаргі і зь іншых РАУСаў. Пасьля нас барысаўскія міліцыянты пачалі скардзіцца і таксама былі звольненыя.
Міністар Шуневіч нас не пачуў, хоць мы прад’явілі дыктафонныя запісы, як груба начальнік РАУС Станіслаў Чупрын з намі размаўляў, зьневажаў афіцэраў. Я лічу, што міністар паступіў подла, мяне звольніў незаконна, ён перавысіў свае службовыя паўнамоцтвы. Я ж праўду напісаў, што начальнік нецэнзурна лаяўся, займаўся псаваньнем маёмасьці: ламаў крэслы, выбіваў дзьверы — ну хіба гэта адэкватны чалавек? Як Чупрын вымагаў частку прэмій з падначаленых. Мы чатыры разы пацьвярджалі факты перадачы грошай з прэміі, якія ішлі ў кішэню Чупрыну. Праўда, былыя калегі кажуць, што лаяцца Чупрын перастаў, іх менш сталі прыцягваць да звышурочнай працы. Але службовы транспарт у асабістых мэтах па-ранейшаму Чупрын выкарыстоўвае.
Так што буду ісьці да канца, буду змагацца да апошняга. Мне няма чаго губляць. Вельмі хачу, каб сам міністар прысутнічаў на судзе — мару яму ў вочы паглядзець. Спрабаваў прабіцца на прыём да Лукашэнкі — бессэнсоўна. Я не змагаўся з сыстэмай — я змагаўся з канкрэтнымі кіраўнікамі, якія зарваліся.
«Працую ў Маскве, сям’я мая пакуль жыве ў Крычаве»
— А як склалася ваша жыцьцё пасьля звальненьня? Крычаў — горад маленькі, ці былі спробы ўладкавацца?
— Шчыра кажучы, усё склалася цудоўна. Крычаў давялося пакінуць, бо працаўладкавацца там у мяне не было магчымасьці. Уладкаваўся і жыву значна лепш, чым калі служыў у міліцыі. Калі пра мяне здымуць фільм, то ўсе астатнія міліцыянты кінуць службу (сьмяецца). Я праўда ні пра што не шкадую.
Падрабязнасьцяў расказваць ня буду, скажу толькі, што я працую у Маскве ў сфэры аховы (гэта не паліцыя, а менавіта ахоўная дзейнасьць). Жытло мне далі, плацяць прыстойна, так што ўсё нармальна. Адзін мой былы крычаўскі калега, якога таксама звольнілі, працуе разам са мной у Маскве. Яшчэ аднаго звольненага адразу ж забралі ў войска, бо яму пасьля навучальнай установы трэба было яшчэ год адпрацоўваць. Дык цягам тыдня хлопца «закрылі» ў арміі, служыць у Бабруйску — зьвязалі рукі, каб скаргаў не пісаў. Астатніх семярых, якія засталіся служыць, запалохваюць, каб з намі не кантактавалі.
— А дзе жыве ваша сям’я?
— Сям’я мая пакуль жыве ў Крычаве. Жонка ў дэкрэце, гадуе дваіх дзетак. А сын ад першага шлюбу жыве ў Магілёве, падчас зімовых канікул прыяжджаў да мяне ў Маскву. Я раз на месяц на тыдзень прыяжджаю дадому, ёсьць выходныя, ды ня так ужо далёка тая Масква ад Крычава.
***
У лютым 2017 году падпалкоўнік міліцыі Ігар Вусік, які тады займаў пасаду начальніка аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі Крычаўскага РАУС, і дзесяць ягоных падначаленых зьвярнуліся да міністра ўнутраных спраў Беларусі Ігара Шуневіча са скаргай на сваё кіраўніцтва — начальніка РАУС Станіслава Чупрына і яго намесьніка Васіля Ціханенку. У звароце сярод іншага гаварылася пра паборы, абразы і наўмысным стварэньні службовых цяжкасьцяў.
Праверка, якую правяло Міністэрства ўнутраных спраў у Крычаве, выявіла «парушэньне дысцыпліны і ведамасных нарматыўных актаў з боку як кіраўніка РАУС, так і скаржнікаў». Але ў выніку начальнік крычаўскай міліцыі Станіслаў Чупрын на сваёй пасадзе застаўся, а Ігар Вусік і трое ягоных калегаў у траўні 2017 году былі звольненыя з органаў унутраных спраў. Іх абвінавацілі ў публічным распаўсюдзе інфармацыі, якая дыскрэдытуе міліцыю.
Экс-міліцыянт Ігар Вусік зьвярнуўся ў суд Цэнтральнага раёну Менску з пазовам аб аднаўленьні на службе. 28 чэрвеня 2017 году судзьдзя Аляксандр Длужнеўскі адмовіў яму ў пазове. І цяпер Вусік спрабуе абскардзіць гэтае рашэньне ў больш высокай інстанцыі — у Менскім гарадзкім судзе.