Міністар замежных спраў Чэхіі Марцін Стропніцкі лічыць «непатрэбным жэстам» ліст паслоў пяці краін былога Савецкага Саюзу адносна помніка маршалу Івану Коневу ў Празе.
У сваім лісьце ад 22 сьнежня 2017 году паслы Армэніі, Азэрбайджану, Беларусі, Казахстану і Расеі пратэставалі супраць плянаў разьмясьціць каля помніка новую шыльду з біяграфіяй маршала, у якой, у прыватнасьці, была б пазначана на ягоная роля ня толькі пры вызваленьні Прагі ў 1945 годзе, але і пры задушэньні Вугорскага паўстаньня ў 1956 годзе і «Праскай вясны» ў 1968 годзе.
У апублікаваным на сайце МЗС Чэхіі адкрытым лісьце паслам Стропніцкі адзначыў, што ўлады краіны ня могуць ўмешвацца ў рашэньні органаў мясцовага самакіраваньня.
Рашэньне разьмясьціць новую шыльду прыняла рада праскага раёну, дзе разьмешчаны помнік Коневу.
Міністар таксама адзначыў, што помнік Коневу не зьяўляецца ваенным мэмарыялам, а рашэньне пра яго лёс павінны прымаць жыхары Прагі і выбраныя імі прадстаўнікі.
Кіраўнік МЗС Чэхіі выказаў надзею, што паслы «ня будуць падымаць тэмы, якія не спрыяюць разьвіцьцю ўзаемных адносін».