На онлайн-мапах зьявіўся надпіс «Господи, помоги России». Яго выкапалі

Аўтар надпісу «Господи, помоги России», які зьявіўся на спадарожнікавых онлайн-мапах Падмаскоўя, распавёў, што выкапаў фразу, каб прыцягнуць увагу да экалягічных праблемаў.

55-гадовы Андрэй Фіночанка выкапаў у зямлі на полі ў вёсцы Гаўрылкаве непадалёк ад маскоўскага раёну Міціна канаўкі ў форме надпісу такой глыбіні і шырыні, каб яны былі зафіксаваныя спадарожнікамі.

Памер літараў 5-6 мэтраў у даўжыню, мэтар у шырыню, глыбіня канавак — да 50 сантымэтраў. Пра гэта паведамляе газэта «Московский комсомолец».

Каля трох гадоў таму падобным жа спосабам Фіночанка выкапаў фразу «Пуцін, выратуй Сходню», пратэстуючы супраць будаўніцтва ў пойме ракі Сходні жылога кварталу. Надпіс, аднак, не дапамог, будаўніцтва пачалося.

Як распавёў Фіночанка, свой надпіс ён капаў штодзень паўтара месяца пасьля працы на заводзе.