10 студзеня ён атрымаў ліст з Вярхоўнага суду Беларусі аб разглядзе скаргі на пастанову суду Фрунзенскага раёну Менску ад 12 ліпеня 2017 году. Рашэньне суду не было адмененае.
Летась у лютым Алесь Чахольскі быў першым, хто паведаміў Свабодзе, што побач з Курапатамі пачалася будоўля офіснага цэнтру. Неўзабаве да асьвятленьня падзей вакол будоўлі каля Курапатаў падключыліся іншыя СМІ, пачаліся стыхійныя акцыі пратэсту грамадзкіх актывістаў і простых грамадзянаў, побач з будоўляй узьнік лягер абаронцаў Курапат. 2 сакавіка стала вядома, што будоўля офіснага цэнтру прыпыняецца, празь дзень забудоўнікі ўвогуле адмовіліся ад будоўлі.
3 сакавіка побач з Курапатамі адбыўся мітынг з нагоды рашэньня фірмы- забудоўніка адмовіцца ад узьвядзеньня тут офіснага будынку. Пазьней шмат каго з удзельнікаў пратэставага лягера і тых, хто прыехаў на мітынг, пакаралі штрафамі, лідэраў абароны Зьмітра Дашкевіча і Сяргея Пальчэўскага арыштавалі. Актывіст КХП БНФ Алесь Чахольскі — адзін з тых, хто аспрэчыў пастанову раённага суду аб штрафе 20 базавых велічыняў за ўдзел у мітынгу ў Курапатах ва ўсіх судовых інстанцыях. У ліпені судзьдзя Фрунзенскага суду Андрэй Млечка адмовіўся судзіць Чахольскага па-беларуску. Актывіст пайшоў з працэсу на знак пратэсту
Алесь Чахольскі лічыць прынцыповым прайсьці ўсе судовыя інстанцыі і назваць імёны ўсіх судзьдзяў.
«Не зважаючы на арышты і штрафы, ніводзін з нас, хто прыняў удзел у абароне Курапатаў, не пашкадаваў аб прынятым рашэньні, бо толькі змаганьне прыносіць перамогу. Каб яшчэ раз паказаць пачварнасьць і акупацыйны характар гэтай улады, я і пачаў гэтае змаганьне. Хачу, каб грамадзтва ведала „герояў“ гэтай судовай эпапэі, дзе судамі ўсіх інстанцый ад раённага да Вярхоўнага суду была пацьверджаная дыскрымінацыя дзяржаўнай беларускай мовы і яе носьбітаў, значыць мяне, беларуса, у дзяржаве пад назвай Рэспубліка Беларусь.
Хачу, каб грамадзтва ведала „герояў“ гэтай судовай эпапэі.
Гэта ёсьць яшчэ адным з фактаў акупацыі нас Расеяй і таго, што няма ў нас ніякай незалежнай судовай улады. Такім чынам „героі“ — судзьдзя суду Фрунзенскага раёну Менску Ярохіна (пастанова суду ад 28.03.2017 аб маім пакараньні), потым судзьдзя таго ж суду Млечка, які ў пастанове ад 12.07.2017 напісаў, што ня ён, дзяржаўны службоўца, а я, просты грамадзянін Беларусі, абавязаны разумець дзьве дзяржаўныя мовы. Пасьля гэтага былі касацыі, якія не былі задаволеныя судзьдзём Менскага гарадзкога суду Хадкевічам (пастанова суду ад 15.08.2017), старшынём менскага гарадзкога суду Каршуновым (пастанова ад 27.10.2017) і ўрэшце намесьнікам старшыні Вярхоўнага суду Аніскевічам (пастанова ад 8.01.2018). Я хацеў бы зьвярнуць увагу на гэтыя факты заходніх палітыкаў, хаця ілюзій на іх конт у мяне няма. Мы спадзяемся на сябе, свае сілы і працягваем змаганьне».
Кіраўнік грамадзкай дырэкцыі Народнага мэмарыялу Курапаты, адзін зь кіраўнікоў КХП БНФ 59-гадовы Алесь Чахольскі некалькі дзясяткаў гадоў апякуецца месцам згубы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Ён усталяваў і адрамантаваў у Курапатах сотні крыжоў, аднавіў зламаны вандаламі Крыж Пакуты.