Маці асуджанага да расстрэлу «чорнага рыэлтара» Ігара Гершанкова спадзяецца, што Аляксандар Лукашэнка адменіць сьмяротнае пакараньне яе сыну. Абвінавачаны ў шасьці забойствах і падрыхтоўцы да ўчыненьня забойства яшчэ траіх чалавек жыхар Магілёва напісаў прашэньне аб памілаваньні. Пра гэта ён паведаміў у лісьце маці Людміле Адамаўне.
«Выплакала ўсе сьлёзы. Кожная маці змагаецца за сваё дзіця»
Свае надзеі маці Ігара Гершанкова ўскладае на літасьць Аляксандра Лукашэнкі. Жанчына ўжо зьвярталася ў Адміністрацыю прэзыдэнта, пісала Генэральнаму пракурору і ў міжнародныя інстанцыі. У сваіх допісах яна зьвяртае ўвагу, што сына зрабілі вінаватым яшчэ да суду, паколькі, як яна адзначае, сьледчым органам патрэбен быў «вынік у рэзананснай справе, якая знаходзілася на кантролі ў прэзыдэнта». Гершанкова ня верыць, што яе сын мог забіваць.
«Дапамажыце, калі ласка, бо ня ведаю, куды мне сунуцца, калі толькі пад цягнік. Хоць бы пакінулі жывым яго, не забівалі, лягчэй было б на душы», — напісала ў адным са зваротаў Людміла Гершанкова.
Пра свае звароты шасьцідзесяцігадовая жанчына кажа, што яны адзінае, чым яна можа дапамагчы зьняволенаму сыну. «Гэта крык душы», — плачучы, казала карэспандэнту Свабоды Людміла Гершанкова.
«Я выплакала ўсе свае сьлёзы, — гаварыла яна, гартаючы два апошнія сынавы лісты. — Зьмірыцца зь непапраўным не магу. Зразумейце, кожная маці змагаецца за сваё дзіця».
Сам Ігар Гершанкоў просіць, каб найвышэйшая мера пакараньня будзе замененая турэмным зьняволеньнем. Асуджаны настойвае, што ня мае дачыненьня да забойстваў, у якіх яго абвінаваціў Магілёўскі абласны суд. У лістах ён просіць маці, каб тая паспрабавала прыцягнуць увагу грамадзкасьці да яго лёсу.
Акрамя Ігара Гершанкова, расстрэл пагражае і яшчэ аднаму асуджанаму «чорнаму рыэлтару» — Сямёну Беражному. Ці зьвярнуўся ён да кіраўніка дзяржавы па памілаваньне, невядома.
У забойствах і іншых злачынствах абвінавацілі яшчэ двух фігурантаў справы. Тацяне Гершанковай прысудзілі 24 гады турмы з канфіскацыяй маёмасьці, а Барысу Калесьнікаву далі 22 гады і адзін месяц калёніі строгага рэжыму. Яны намагаюцца скараціць тэрмін зьняволеньня.
Усе чацьвёра не пагадзіліся з выракам і падалі апэляцыі ў Вярхоўны Суд, але той пакінуў іх без задавальненьня.
Ігар Гершанкоў: «Мама, родная, ты ведай, сын твой не забойца»
Апошні раз Людміла Гершанкова бачыла сына на спатканьні пасьля разгляду Вярхоўным Судом ягонай апэляцыі. Яна прызнаецца, што спадзеву на памілаваньне ў яе мала.
«Рашэньне прэзыдэнта ў гэтым пытаньні адно — найвышэйшая мера. Ён спасылаецца на тое, што народ падтрымлівае сьмяротнае пакараньне і пайсьці супраць ягонай волі ён ня можа», — кажа Гершанкова.
Згадваючы спатканьне з сынам, жанчына адзначала: ён дужа схуднелы і знэрваваны. Увесь час у адзіночнай камэры піша лісты і скаргі на несправядлівае, як ён лічыць, стаўленьне да сябе судоў. Абураецца, што на ягоныя допісы не рэагуе Генэральная пракуратура ды Сьледчы камітэт. Просіць бацькоў, каб яны пісалі туды, бо непакоіцца, што лісты не прапускае турэмная адміністрацыя.
У лістах ён клянецца бацькам, што не забіваў уласьнікаў кватэр, а толькі дамаўляўся з імі, каб яны сваё жытло прадалі. Піша, што вымушаны быў у «гэтым удзельнічаць», бо быў вінаваты Сямёну Беражному вялікую суму грошай, якую той патрабаваў найхутчэй сплаціць. Пра забойствы даведаўся, толькі калі яго затрымалі.
«Мама, родная, ты ведай, я, сын твой, не забойца і забойцам ня быў ніколі! — піша з турмы Ігар Гершанкоў. — Памятайце гэта заўжды з татам».
Паводле матэрыялаў справы, злачынствы «чорныя рыэлтары» ўчынялі цягам 6 гадоў — з 2009-га да 2015 году. Ахвяраў выбіралі сярод адзінокіх грамадзян, якія злоўжываюць алькаголем. Карыстаючыся цяжкім матэрыяльным становішчам людзей, абвінавачаныя ўгаворвалі іх прадаць жытло, а ўзамен абяцалі дапамагчы з набыцьцём новага. Пасьля ўгоды кліентаў забівалі і хавалі ў загадзя выкапаных магілах на вясковых кладах. Перад тым, як забіць, усыплялі гарэлкай ці кляфэлінам. «Чорных рыэлтараў» затрымалі, калі яны ўжо падрыхтавалі сьвежую магілу для чарговай ахвяры.
Сьледчы камітэт: зьвесткі Гершанкова пра парушэньне ягоных правоў не пацьвердзіліся
Сямён Беражны цалкам прызнаў сваю віну. Ён супрацоўнічаў са сьледзтвам і даў паказаньні супраць саўдзельнікаў. На судзе Сямён Беражны настойваў, што Гершанкоў быў завадатарам у групе.
Гершанкоў жа ўдзел у забойствах адмаўляў, а ягоная жонка Тацьцяна Гершанкова настойвала, што наагул ня ведала пра забойствы. Раней абое мелі судзімасьці за махінацыі з жыльлём.
У лістах маці Ігар Гершанкоў даводзіць, што ў многім агаварыў сябе падчас папярэдняга сьледзтва, бо ўмовы ўтрыманьня ў сьледчым ізалятары «дужа абмяжоўвалі высьвятленьне сапраўдных абставінаў» справы. Піша, што ў Магілёўскай турме № 4 пагражалі стварэньнем праблемаў для ягонай сям’і і жонкі. Настойвае, што зь яго выбівалі прызнаньне, і гэта, на ягоную думку, магла пацьвердзіць экспэртыза прапіснога шрыфту яўкі з павіннай, але ў яе правядзеньні яму адмаўляюць. Піша, што яго вазілі ў бальніцу здымаць пабоі, але ў матэрыялах справы згадак пра гэта няма. У лістах асуджаных называе імёны апэратыўнікаў, якія яго білі.
Сьледчы камітэт абвяргае заяву Гершанкова пра парушэньні ягоных правоў. У інтэрвію інфармацыйнай кампаніі БелаПАН начальнік аддзелу інфармацыі і сувязі з грамадзкасьцю Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч, адзначыў: праведзеная праверка не знайшла пацьверджаньня зьвестак асуджанага.
Тым часам маці асуджанага заяўляе, што яшчэ летась у жніўні яна даведалася пра пагрозы і зьбіваньне сына ў турме. Скардзілася ў розныя інстанцыі на парушэньне ягоных правоў. Пасьля гэтага, кажа яна, «зьдзеквацца з сына перасталі».
Маці: сын хапаецца за «саломінку»
Людміла Гершанкова кожны дзень чакае ліста ад сына і баіцца атрымаць той, у якім ёй паведамяць пра непапраўнае. Па некалькі разоў на дзень яна перачытвае сынавы допісы і плача. Кажа, што суцяшаюць яе ўнукі, сынавы дзеці.
Суразмоўца, калі даведалася, у чым вінавацяць сына, то не паверыла. Доказы на судзе ёй здаваліся адначасова і праўдзівымі, і непераканаўчымі. Спадзявалася, што сына пакараюць турэмных зьняволеньнем, бо ён жа, казала яна, супрацоўнічаў са сьледзтвам.
Гершанкова лічыць, што сына зрабілі вінаватым задоўга да прысуду, бо «працэс быў паказальным і знаходзіўся на кантролі ў прэзыдэнта». Стаўленьне да яго сьледчых, настойвала яна, было прадузятым. На судзе ж ён быў не падобны да сябе, кажа жанчына.
«Іншыя трое фігурантаў справы сьпіхвалі віну на яго, а ён паводзіў сябе, нібыта ў сьне. Я хадзіла на ўсе пасяджэньні і, калі такое бачыла, то бараніла сына. За гэта мяне выводзілі з залі», — прыгадала Людміла Гершанкова.
У адной з сваіх скаргаў Людміла Гершанкова адзначае: калі сын утрымліваўся ў Магілёўскай турме № 4, то яму забаранялі ёй пісаць і рэдка прапускалі лісты ў наглядныя інстанцыі. А пасьля таго, як яму адмовіліся паказаць журнал рэгістрацыі зыходнай пошты, ён трымаў 10 дзён галадоўку. За пратэст яго кінулі ў карцэр на дзесяць, а потым на пяць сутак. Увесь гэты час білі.
«Зразумела, што сын цяпер хапаецца за саломінку, каб застацца жывым, — падсумоўвала жанчына. — Выкарыстоўвае любую магчымасьць, каб дабіцца справядлівасьці».
«Каб на мяне цяперашнюю, я б галасавала супраць сьмяротнага пакараньня»
Суразмоўца ня памятае, ці галасавала яна рэфэрэндуме 1996 году за скасаваньне сьмяротнага пакараньня. На яе думку, за прамінулы час пазыцыя большасьці беларусаў да найвышэйшай меры пакараньня наўрад ці істотна зьмянілася. Насельніцтва, дапускае яна, падтрымлівае расстрэл.
«Я не гатовая казаць, на чыім баку ў гэтым пытаньні праўда. Як на мяне цяперашнюю, дык я б галасавала супраць сьмяротнага пакараньня», — кажа Людміла Гершанкова.
У лістах Ігар Гершанкоў адзначае: на ўратаваньне ягонага жыцьця можа паўплываць грамадзкасьць, ад якой, як ён піша, «шмат што залежыць». На ягоную думку, грамадзкасьці праваахоўныя органы давалі ў справе толькі тую інфармацыю, якая была ім выгадная.
Асуджаны да расстрэлу Сямён Беражны: спрабаваў вешацца, не атрымалася
Падчас разгляду Вярхоўным Судом апэляцыі асуджаныя заяўлялі, што вырак Магілёўскага абласнога суду несправядлівы. Скардзіліся на ўціск.
Гершанкоў настойваў, каб была прызначаная паўторная графалягічная экспэртыза ягонай яўкі з павіннай, «складзенай супрацьпраўным чынам», пад пагрозай ужываньня «фізычнай сілы і маральна-псыхалягічнага ўплыву». Казаў, што ў турмах яму перашкаджалі дасылаць скаргі на пагрозы праваахоўнікаў.
Сямён Беражны, нягледзячы на сваю апэляцыю, прасіў, каб яго «забілі». Заяўляў: «Я расстрэлу хачу. Спрабаваў, а нічога не выходзіць, я вешаўся. Доктар пастаянна дае пілюлі ад страху».
Вярхоўны Суд пакінуў у сіле вырак Магілёўскага абласнога суду. Асуджаных абвінавацілі павожде дзевяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу. У справе нямала эпізодаў, па якіх абвінавачаных апраўдалі празь недаказанасьць.
На карысьць родзічаў забітых з асуджаных спагоняць кампэнсацыю маральнай шкоды на агульную суму блізу 28 тысяч даляраў, а таксама маёмасную шкоду на 85 тысяч.
Праваабаронца: разгляд Вярхоўным Судом апэляцыі «чорных рыэлтараў» расчараваў
Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі» Андрэй Палуда сказаў, што разгляд Вярхоўным Судом апэляцыі фігурантаў справы «чорных рыэлтараў», да якой прыцягнутая ўвага грамадзкасьці, экспэртную супольнасьць расчараваў.
Актывіст зьвярнуў ўвагу: пасьля зьменаў у крымінальна-працэсуальным заканадаўстве быў спадзеў, што новая інстытуцыя, апэляцыйны суд, зробіць акцэнт на больш глыбокае высьвятленьне фактычных абставінаў справы ды слушнасьці ўжываньня крымінальнага заканадаўства, але гэтага не было зафксавана. Як адзначыў праваабаронца, разгляд апэляцыі «чорных рыэлтараў» быў фармальным. Вярхоўны Суд ігнараваў заявы фігурантаў, якія маглі б паўплываць на іх лёс.
Асуджаны на расстрэл прыводзіў прыклад Палуда, Сямён Беражны настойваў: яго прымусілі агаварыць Тацяну Гершанкову падчас папярэдняга сьледзтва, што яна ведала пра забойствы. Праваабаронца заўважаў, што гэтую заяву суд меўся разгледзець.
Праваабаронца: улады маніпулююць супрацоўніцтвам абвінавачаных са сьледзтвам
Яшчэ адна акалічнасьць, якой Вярхоўны Суд не надаў належнай увагі, гаварыў далей Андрэй Палуда, гэта супрацоўніцтва абвінавачаных са сьледзтвам. Паводле праваабаронцы, дапамога сьледчым дае шанец злачынцу пазьбегнуць сьмяротнага пакараньня, але ў выпадку з «чорнымі рыэлтарамі» гэтая норма не спрацавала.
«Выходзіць, што такую норму дзяржава выкарыстоўвае толькі дзеля выкрыцьця злачынства і ў маніпулятыўных мэтах, што ня можа не зьдзіўляць», — зрабіў выснову Андрэй Палуда.
Вырашэньне лёсу Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога, кажа праваабаронца, цяпер залежыць ад волі Аляксандра Лукашэнкі. Спадзеў таксама, заўважае актывіст, на ўвядзеньне мараторыя на сьмяротнае пакараньне.
Адзін з чатырохсот асуджаных да расстрэлу памілаваны
Абодва асуджаныя да расстрэлу «чорныя рыэлтары» раней заяўлялі, што зьвернуцца ў камітэт ААН па правах чалавека, каб гэта міжнародная інстытуцыя паўплывала на вырашэньне іхнага лёсу. Як сьведчыць практыка, адзначае Андрэй Палуда, пакуль беларускія ўлады не ўлічваюць пазыцыі камітэту, паколькі разглядаюць яе як рэкамэндацыю, а ня норму для выкананьня.
З пачатку 1990 гадоў, кажа праваабаронца, да найвышэйшай меры ў Беларусі прысудзілі блізу 400 чалавек. Зь іх толькі Сяргею Пацяраеву сьмяротнае пакараньне было замененае на турэмнае зьняволеньне. Паводле Андрэя Палуды, праваабарончы цэнтар «Вясна» даволі доўга ліставаўся з Пацяраевым, але на гэты час сувязь зь ім перарвалася і праваабаронцы цяпер ня ведаюць пра ягоны лёс.
Эўропа беларускім уладам: увядзіце мараторый на сьмяротнае пакараньне
У сувязі з вынясеньнем сьмяротных прысудаў Ігару Гершанкову і Сямёну Беражному намесьнік афіцыйнага прадстаўніка францускага МЗС Аляксандар Жыаржыні заклікаў беларускія ўлады ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне. Гэта дазволіць, гаворыцца ў ягонай заяве, афіцыйнаму Менску зблізіцца з Эўразьвязам і Радай Эўропы.
Раней, 21 ліпеня, у дзень агучваньня Магілёўскім абласным судом выраку «чорным рыэлтарам», генэральны сакратар Рады Эўропы Турб’ёрн Яглянд заявіў: «выказваю наша расчараваньне тым, што Беларусь працягвае ўжываць гэтую бесчалавечную і несправядлівую меру, якая цалкам супярэчыць эўрапейскім каштоўнасьцям».
Летась у Беларусі вынесена тры сьмяротныя прысуды. Акрамя Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога, у сакавіку Гомельскі абласны суд прысудзіў 32-гадоваму Аляксею Міхаленю найвышэйшую меру пакараньня за забойства двух чалавек з асаблівай жорсткасьцю.