Нацбанк Беларусі лібэралізаваў валютныя дачыненьні. «Гэта пойдзе на карысьць бізнэсу», — аналітык

У рамках захадаў паэтапнай лібэралізацыі валютных дачыненьняў Нацыянальны банк Беларусі прыняў рашэньне аб адмене абмежаваньня на мэтавую куплю замежнай валюты юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі.

Адпаведная норма замацаваная ў пастанове Нацбанку «Аб некаторых пытаньнях валютнага рэгуляваньня і валютнага кантролю», яна набудзе сілу праз тры месяцы пасьля афіцыйнага апублікаваньня.

Зыходзіць зь неабходнасьці, без абмежаваньня тэрмінаў выкарыстаньня

Пастановай, у прыватнасьці, зацьверджана новая рэдакцыя інструкцыі аб парадку правядзеньня валютна-абменных апэрацый, якой прадугледжаны аднолькавы парадак валютна-абменных апэрацый на ўнутраным фінансавым рынку.

Так, юрыдычныя асобы-рэзыдэнты змогуць ажыцьцяўляць куплю замежнай валюты, зыходзячы зь неабходнасьці, вызначанай імі самастойна. Адмяняюцца тэрміны выкарыстаньня набытай валюты. Аналягічны парадак будзе дзейнічаць і для індывідуальных прадпрымальнікаў.

У адпаведнасьці з новай інструкцыяй, пры куплі замежнай валюты юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі абавязаны ўказваць код напрамку выкарыстаньня набытай валюты, аднак гэта насіцьме выключна статыстычны характар і ня будзе абмяжоўваць выкарыстаньне набытай замежнай валюты ў іншых кірунках.

Фінансавы аналітык Валеры Палхоўскі лічыць, што крок на спрашчэньне дзейнасьці насьпяваў даўно, бо гэта ёсьць працягам усёй грашова-крэдытнай палітыкі ўладаў.

Валеры Палхоўскі

«Нічога асабліва радыкальнага ці рэвалюцыйнага ў гэтым захадзе я ня бачу, бо апошнім часам падобнае рашэньне напрошвалася. Пасьля таго, як Нацбанк адпусьціў рубель у вольнае плаваньне, зрабіў больш жорсткай грашова-крэдытную палітыку, сытуацыя на валютным рынку стабілізавалася. Дый і ў прынцыпе зьмяніліся падыходы ў эканамічнай палітыцы. Таму такой вострай неабходнасьці ў захадах, як раней, няма — валютны рынак і эканоміка цалкам могуць абыходзіцца без іх. Ранейшая адміністрацыйная мера для рэжыму мяккай грашова-крэдытнай палітыкі, якая працяглы час існавала, на сёньня папросту адпадае».

Даць свабоду дзейнасьці, зьнізіць адміністрацыйныя выдаткі

Як падкрэсьліваецца ў паведамленьні Нацбанку, адмена абмежаваньняў у мэтавай куплі замежнай валюты і вызначэньне аднолькавага парадку правядзеньня валютна-абменных апэрацый з удзелам юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў забясьпечаць большую свабоду прадпрымальніцкай дзейнасьці і дазволяць зьнізіць адміністрацыйныя выдаткі суб’ектаў гаспадараньня.

Нагадаем, раней суб’екты гаспадараньня былі абавязаныя зьвяртацца ў Нацыянальны банк па дазвол на куплю замежнай валюты на мэты, якія не прадугледжаны заканадаўствам, а таксама для падаўжэньня тэрмінаў захоўваньня ці зьмену мэтавага выкарыстаньня замежнай валюты. Гэта, на думку Валерыя Палхоўскага, сапраўды аблегчыць фінансавую дзейнасьць.

«Безумоўна, будзе прасьцей, лягчэй, любая лібэралізацыя заўсёды ідзе на карысьць бізнэсу. Пытаньне толькі ў тым, які ўплыў крокі па лібэралізацыі будуць аказваць на ўсю эканамічную сыстэму ў цэлым. Але ў гэтым канкрэтным выпадку захад быў чаканы. Бо, паўтаруся, зьмена грашова-крэдытнай палітыкі, стабілізацыя на валютным рынку, якая за гэтым наступіла, ужо не патрабуе адміністрацыйнага рэгуляваньня, што было мэтазгодна ў часе ўзрушэньняў, скажам, 2006-га ці 2011 гадоў. Цяпер такой неабходнасьці няма».

Як адзначаюць у Нацбанку, прынята рашэньне створыць умовы для разьвіцьця рынку з выкарыстаньнем вытворных фінансавых інструмэнтаў — форвардаў, валютных ф’ючарсаў, валютных апцыёнаў, свопаў.

Акрамя таго, адмена абмежаваньняў мэтавай куплі замежнай валюты для юрыдычных асобаў сфармуе перадумовы для адмены іншых абцяжараньняў, устаноўленых валютным заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.