Як партал Аv.by змагаецца з атакамі расейскіх троляў

Ілюстрацыйная выява

Кіраўнік аўтамабільнага сайту av.by Дзьмітры Геранін падзяліўся ў Facebook досьведам таго, як рэдакцыя змагаецца з арганізаванымі расейскімі тролямі.

Допіс адметны ўжо тым, што сам Геранін год таму быў запрошаны ў Беларусь з Расеі, дзе працаваў у кампаніях Yandex і Rambler.

Антыэўрапейская прапаганда на аўтасайце

Паводле Гераніна, днямі выяўлена сетка акаўнтаў, якія займаюцца на рэсурсе антыэўрапейскай палітычнай прапагандай.

«Аv.by у рэдакцыйным пляне заўсёды быў па-за палітыкай. Ды і як мы маглі перасякацца? Пішам толькі на аўтамабільныя і каляаўтамабільныя тэмы, што з нас узяць?», — уводзіць у курс справы Дзьмітры Геранін.

У той жа час ён адзначае, што навіны і артыкулы на сайце ў леташнім сьнежні прачыталі звыш мільёна разоў. Цягам мінулага году лічба наведвальнасьці вырасла больш чым удвая. Верагодна, гэтым сайт і зацікавіў «вышэйшыя сілы» — як мэдыя, што аказвае ўплыў на жыхароў Беларусі.

У ноч з 5 на 6 студзеня пад матэрыялам пра пазадарожнік Mitsubishi Outlander пачалася самая поўнамаштабная атака троляў за ўвесь час працы рэсурсу.

Фінальным акордам кожнага адгалінаваньня былі некалькі тэмаў: Сырыя, уцекачы, Мэркель і агульныя пасылы пра тое, што Эўропа — пекла на зямлі.

«Схема працавала наступным чынам, — тлумачыць Геранін. — Зь некалькіх дзясяткаў розных акаўнтаў ішлі камэнтары, якія параўноўвалі машыну з эўрапейскімі аналягамі не на карысьць апошніх. Пасьля таго, як гэтыя лжэакаўнты зацягвалі іншых наведнікаў у спрэчку, градус гутаркі вырастаў. Фінальным акордам кожнага адгалінаваньня былі некалькі тэмаў: Сырыя, уцекачы, Мэркель і агульныя пасылы пра тое, што Эўропа — пекла на зямлі».

Не ўдалася спроба зарабіць на камэнтарах

​Паводле кіраўніка рэсурсу, пошук па IP даў зразумець, што такіх «масак» блізу сямі, з кожнага адрасу пішуць на некалькі акаўнтаў. Стылістыка ідэнтычная: даволі пісьменная гаворка, віншаваньні з Новым годам і Калядамі, пераход на капслок і далей на нарастальнай. IP вядуць у Санкт-Пецярбург і зрэдку ў Кітай. Кожны з камэнтатараў называе сябе «сапраўдным беларусам», які ненавідзіць Эўропу, дзе ён «пажыў, папрацаваў, наглядзеўся».

«Вычыстка такіх пасылаў моцна засмуціла нашых „сяброў“ зь Піцера, таму што стала зразумела: за выдаленыя камэнтары ніхто не заплаціць. Пасьля гэтага пасыпаліся пагрозы ў адрас Аv.by, што мы такія-растакія, ня любім Беларусь, якая падтрымлівае такія выдатныя стасункі з Пуціным. Ну што ж, дарагія аматары тролінгу і прапаганды, нумар не прайшоў. Валіце з Аv.by, тут вам ня радыя», — падсумоўвае Дзьмітры Геранін.

У якасьці ілюстрацыі маштабу прапагандысцкай атакі ён выклаў скрыншоты абразьлівых допісаў.

«Наогул цікавы маштаб таго, што адбываецца. Колькі кантэнтных праектаў і ў якім маштабе гэтаму падпарадкаваныя іншыя. Але відавочна, што недурныя людзі ўсім гэтым займаюцца, зусім не дурныя», — робіць выснову кіраўнік аўтамабільнага парталу.

Дзьмітры Геранін нарадзіўся ў Таліне, у 1991 годзе разам з бацькамі пераехаў у расейскі Нафтагорск. У 2003-м паступіў у Самарскі дзяржаўны ўнівэрсытэт на спэцыяльнасьць «кампутарная бясьпека». Пасьля ВНУ пачаў супрацу з інтэрнэт-праектамі, вывучаў кітайскую мову ў міжнародным унівэрсытэце Шанхаю. У лютым 2017-га пераехаў у Менск.

Актыўнасьць «крамлёўскіх троляў» у Беларусі прыкметная

Дасьледчыкі з цэнтру EAST у нядаўнім аналізе прыйшлі да высновы, што інфармацыйную прастору Беларусі кантралюе Масква. Сярод іншага яны зьвярнулі ўвагу на актыўнасьць так званых «крамлёўскіх троляў» на дыскусійных плятформах у інтэрнэце. «Магчымасьці распаўсюджваньня дэзынфармацыі сярод насельніцтва Беларусі з дапамогай сацыяльных сетак і сэкцый камэнтароў на папулярных нацыянальных інтэрнэт-рэсурсах даволі вялікія».

Кіраўнік мадэрацыі форуму talks.by, які належыць найбуйнейшаму інтэрнэт-парталу Беларусі TUT.by, у інтэрвію Свабодзе прызнала, што на іхнай плятформе пастаянна працуюць скаардынаваныя групы палітычна заангажаваных карыстальнікаў з Расеі. Павышаная актыўнасьць «крамлёўскіх троляў» у Беларусі таксама адзначана ў апошнім дакладзе Freedom House «Свабода ў сеціве — 2017» (Freedom on the Net 2017).