У пустыні Сахара выпаў сьнег. Фота, відэа

Фота REUTERS

У найбуйнейшай гарачай пустыні на зямлі Сахары, разьмешчанай на поўначы Афрыканскага кантынэнту, адбылася нечаканая для гэтай мясцовасьці прыродная зьява — выпаў сьнег, паведамляе выданьне The Sun.

​Сьнегапад прайшоў зраніцы ў панядзелак у раёне гораду Аін-Сафра ў Альжыры. Паводле мясцовых жыхароў, сьнежнае покрыва у асобных раёнах дасягала 40 сантымэтраў.

Да вечара сьнег пачаў раставаць, але фатографы, якія сталі сьведкамі незвычайнай для пустыні зьявы, пасьпелі зрабіць здымкі.

За апошнія 38 гадоў гэта трэці раз, калі ў Сахары выпадае сьнег, папярэдні выпадак здарыўся адносна нядаўна — у сьнежні 2016 году. А да гэтага падобнае адбывалася толькі ў 1979 годзе, і тое сьнег падаў толькі паўгадзіны.