Запушчаны SpaceX сакрэтны спадарожнік ЗША ня выйшаў на арбіту

Запуск ракеты Falcon 9 са спадарожнікам Zuma, 7 студзеня 2018 году

Сакрэтны амэрыканскі спадарожнік Zuma, запушчаны кампаніяй SpaceX з мысу Канавэрал у Флорыдзе 7 студзеня, ня змог дасягнуць арбіты, паведамляюць амэрыканскія СМІ.

Спадарожнік, прызначэньне якога трымаецца ў сакрэце, ня змог аддзяліцца ад другой ступені ракеты Falcon 9. СМІ са спасылкай на амэрыканскіх чыноўнікаў паведамляюць, што касьмічны апарат зламаўся і згарэў у атмасфэры або зваліўся ў мора. Адбываецца расьсьледаваньне інцыдэнту.

Пра страту спадарожніка першым паведаміла выданьне The Wall Street Journal.

Прадстаўнік SpaceX Джэймс Глэйсан адзначыў:

«Мы не камэнтуем місіі такога характару, але пакуль вывучэньне дадзеных паказвае, што Falcon 9 выконвала свае функцыі намінальна».

Пасьля запуску ракета пасьпяхова вярнулася на Зямлю.

Аэракасьмічная і абаронная кампанія Northtrop Grumman паведамляла, што зьяўляецца вытворцам спадарожніка, але адмаўлялася паведаміць дэталі.

Запуск Zuma быў заплянаваны на лістапад 2017 году, аднак некалькі разоў адкладаўся.