Пажар адбыўся ўночы з 19 на 20 сьнежня, пажарных выклікала сама захавальніца музэйных фондаў. Паводле вэрсіі, якую яна агучыла супрацоўнікам МНС і міліцыі, апоўначы ў памяшканьне музэю зайшоў маньяк, абліў газай паліцы і падпаліў. Калі ж на месца прыбылі работнікі Сьледчага камітэту, іх найперш зацікавіла, што сама спадарыня рабіла на працы глыбокай ноччу.
Захавальніца патлумачыла, што рыхтавалася да заўтрашняй праверкі-рэвізыі. Вэрсія наконт «маньяка» выклікала сумневы ў сьледчых, і крымінальную справу распачалі супраць самой захавальніцы. Спадарыню адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе, але на працу яна дагэтуль ня выйшла.
У Віцебску гісторыя з пажарам у ВЦСМ трапіла толькі ў зводкі пра надзвычайныя здарэньні. Сытуацыю прадстаўнікі ўладаў не камэнтуюць, адмаўляюцца ад камэнтароў і работнікі культуры, у тым ліку калегі падазраванай.
Сьледзтва высьвятляе суму ўрону, нанесенага ў выніку пажару, але зрабіць гэта цяжка: зьнішчаныя творы мастацтва ніколі не былі ацэнены ў нейкую грашовую суму. Тым больш што ў агні загінулі і некаторыя ўліковыя дакумэнты.
Вэрсія пра «маньяка» лёгка правяраецца, бо ўваход у памяшканьні ВЦСМ, дзе адбыўся пажар, добра праглядаюцца з камэраў відэаназіраньня. Апрача культурніцкай установы, у гэтым жа будынку разьмешчана некалькі крамаў, каля ўваходу ўсталяваны банкамат. Увогуле ж шматпавярховік па вуліцы Белабародава, 5 — гэта шматкватэрны жылы дом, і каб «выратавальнікі» ўночы з 19 на 20 сьнежня спрацавалі ня так апэратыўна, то пацярпець ад пажару маглі б і жыхары.