Іран: Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі заявіў пра паразу пратэстаў

Пратэсты ў Іране 4 сьнежня 2017 году

У Іране Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі, элітнае ўзброенае фармаваньне, якое зьяўляецца галоўнай апорай ісламскага рэжыму, заявіў, што супрацьуладныя пратэсты «пацярпелі паразу».

Як гаворыцца ў заяве, «рэвалюцыйны народ Ірану разам зь дзясяткамі тысяч басіджаў (чальцоў дабраахвотніцкага ўзброенага фармаваньня, складніка Корпуса, сярод задач якога — задушэньне пратэстаў. — Рэд.), паліцыянтаў, работнікаў Міністэрства выведкі (спэцслужбы краіны. — Рэд.), разарвалі ланцуг (пратэстаў)». Як сьцьвярджаецца ў заяве, гэтыя пратэсты зладзілі ЗША, Вялікая Брытанія, Ізраіль, Сырыя, баевікі і манархісты.

Заява была апублікавана пасьля закрытай сэсіі парлямэнту Ірану 7 студзеня, на якой абмяркоўвалі пратэсты, якія працягваліся больш за тыдзень. Сэсію склікалі дэпутаты-рэфармісты, якія распытвалі службовых асоб сілавых структур і спэцслужбаў аб прычынах беспарадкаў, у якіх улады Ірану афіцыйна абвінавачваюць замежныя сілы.

Як паведамілі на парлямэнцкім сайце, дэпутаты, у прыватнасьці, выказвалі занепакоенасьць захадамі кантролю за інтэрнэтам, якія былі ўведзеныя ў сярэдзіне пратэстаў, уключаючы поўнае перакрыцьцё доступу да папулярнай у Іране службы паведамленьняў Telegram. Ёю карыстаецца каля траціны з 80-мільённага насельніцтва Ірану для распаўсюджваньня нецэнзураваных навін; службоўцы сьцьвярджалі, што праз гэтую службу пашыраліся заклікі да гвалту.

Як паведамляецца, улады ўжо зьнялі абмежаваньні на доступ да сацсеткі Instagram. Дзяржаўнае агенцтва «Фарс» заявіла, што таксама цалкам разблакавалі і Telegram, але 7 студзеня гэтая служба была яшчэ недасяжная.

Таксама 7 студзеня дзяржаўная сродкі масавай інфармацыі паведамлялі пра праўрадавыя дэманстрацыі, якія ўжо пяты дзень запар арганізоўвае па ўсёй краіне ўлада. Пра супрацьуладныя пратэсты дзяржаўныя СМІ ўжо некалькі дзён наогул не паведамляюць.

Між тым Радыё Фарда, іранская служба Радыё Свабода, атрымала вартыя даверу зьвесткі, якія сьведчаць, што яшчэ 6 студзеня такія пратэсты зноў адбыліся прынамсі ў 9 гарадах Ірану, уключаючы Тэгеран, нягледзячы на узмоцненую прысутнасьць паліцыі. Зьвестак за 7 студзеня яшчэ няма.

На працягу больш як тыдня пратэстаў у Іране загінулі 22 чалавекі, больш за 1700 былі затрыманыя. Чыноўнікі паведамлялі, што некалькі затрыманых адпусьцілі пасьля таго, як узялі ў іх пісьмовыя абавязаньні ня браць у далейшым удзелу ў такіх акцыях; яшчэ частку адпусьцілі пад заклад. Як заявіў 7 студзеня галоўны пракурор Тэгерану Абас Джафары Дулетабадзі, у канцы адпусьцяць большасьць затрыманых, акрамя галоўных «завадатараў бунту».

Пратэсты ўспыхнулі ў першую чаргу супраць эканамічных цяжкасьцяў моладзі і рабочых, але хутка перарасьлі ў выступы супраць палітыкі ўладаў і супраць прывілеяў эліты, якую дэманстранты называлі адарванай ад народу.