Аргкамітэт Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» разглядае мясцовыя выбары «ў якасьці вучобы» для сваіх актывістаў. Пра гэта БелаПАН паведаміў лідэр арганізацыі Мікалай Статкевіч.
«У „Народнай Грамадзе“ мы не навязваем адну пазыцыю. Калі нейкая колькасьць маладых сябраў партыі захочуць павучыцца выбарам, то забараняць ня будзем. Гэта больш эфэктыўна, чым любы сэмінар, паглядзець, як яны ў нас адбываюцца. Але гэта не пазыцыя партыі», — сказаў палітык.
Паводле Статкевіча, нейкая колькасьць маладых людзей будзе ўдзельнічаць, але гэта іх ініцыятыва. Пры гэтым ён лічыць, што з апазыцыі могуць стаць дэпутатамі мясцовых саветаў «адзін-два дзясяткі або стукачоў, ці людзей з кампраматам».
Палітык таксама падкрэсьліў, што пазыцыя «Народнай Грамады» і незарэгістраванага Беларускага нацыянальнага кангрэсу заключаецца ў тым, што неабходныя «датэрміновыя, сумленныя, пад міжнародным кантролем выбары прэзыдэнта і парлямэнту».
Мясцовыя выбары прызначаныя ў Беларусі на 18 лютага.