Пісьменьнік Віктар Марціновіч у інтэрвію Свабодзе распавёў пра збліжэньне «датацыйнай» і «нелегальнай» Беларусі, пра ўспрыманьне Беларусі на Захадзе і пра ўплыў ІТ на літаратуру.
«Палітыка ў нас як была, так і застанецца мёртвай»
— У нядаўнім артыкуле вы пішаце, што «датацыйная» (афіцыйная) і «нелегальная» Беларусі пачынаюць збліжацца і гэта працягнецца сёлета. І, магчыма, ужо ў 2020 годзе «дзьвюх Беларусяў» не застанецца. Дарэчы, гэта год прэзыдэнцкіх выбараў. Вы намякаеце, што Лукашэнка больш ня будзе прэзыдэнтам?
— Прыгажосьць і цікавасьць гэтых працэсаў у тым, што яны адбываюцца ў іншым сусьвеце, у іншым вымярэньні. Яны ніяк не зьвязаныя з палітыкай і прэзыдэнцкімі выбарамі. Я ж не кажу пра тое, што ў Беларусі ажывае палітычнае жыцьцё. Палітыка ў нас як была мёртвая, так і застанецца. Я ўжо неўзабаве пачну забывацца, калі ў нас наступныя прэзыдэнцкія выбары. Бо тое, што адбывалася ў 2015 годзе, было старанна зладжана як нешта вельмі незаўважнае.
Я хутчэй кажу пра тое, што нелегальная культура, парадыгма яе існаваньня сябе вычэрпвае, гэтаксама як і датацыйная культура. Я тут кажу пра культуру ў шырокім разуменьні. Гэтыя дзьве культуры плаўна вычэрпваюць сябе. І праз гэта яны пачынаюць аб’ядноўвацца.
Датацыйная культура не спарадзіла за апошнія 25 гадоў ніякага вялікага стылю, фэномэну ці хаця б нейкай самасьці. Незалежная культура, якая акурат усё гэта старанна вытварала (на ёй і трымалася тая Беларусь, калі мы кажам пра мову, ідэнтычнасьць) была незаўважная, як быццам не існавала. Цяпер мы бачым, як афіцыйная Беларусь старанна запрашае «нелегальную» паўдзельнічаць у пэўных працэсах ужо на іншым узроўні. Мне здаецца, што гэта працягнецца незалежна ад выбараў, якія проста ня маюць значэньня.
«Створаная афіцыйная ідэнтычнасьць скіраваная на тое, каб беларусы пачалі галасаваць за Пуціна»
— На якой плятформе вы бачыце магчымасьць аб’яднаньня гэтых дзьвюх Беларусяў?
— Плятформы ёсьць у палітыцы. Мы кажам пра даволі стыхійныя культурныя працэсы, якія ніяк не інстытуцыялізуюцца.
Тое, што афіцыйная Беларусь вычэрпваецца, мы назіраем праз сканчэньне і скарачэньне бюджэтных датацыяў на культуру. А неафіцыйную Беларусь проста перасталі забараняць. Бо тое, што было яе заганай, напрыклад, мова ці вышыванка, цяпер робіцца кампанэнтам дзяржаўнай ідэалёгіі ды ідэнтычнасьці. Апошняя ў сваю чаргу пачала вельмі моцна зьмяняцца пад ціскам таго, што цяпер адбываецца ў адносінах з Расеяй.
То бок нехта наверсе ўсьвядоміў, што мы 25 гадоў з дапамогай дзяржаўных датацыяў стваралі нешта кшталту крымскай ідэнтычнасьці, ідэнтычнасьці постсавецкіх жыхароў Севастопаля. Ну дык натуральна, што гэтая ідэнтычнасьць скіраваная на тое, каб беларусы пачалі галасаваць за Пуціна. І я ня думаю, што гэтая мэта сёньня асноўная ў беларускае дзяржавы.
— Ці гэта азначае, што мы стаім на парозе нейкіх пераменаў?
— Мы ўжо перакрочылі гэты парог. Канцэрты Вольскага ў Prime Hall і Вайцюшкевіча ў КЗ «Менск» (з улікам таго, што з 2010 году таму самаму Вольскаму наагул не давалі канцэртных пасьведчаньняў) паказваюць на новую сытуацыю. І асэнсоўваць яе трэба па-новаму. А мы робім гэта ў парадыгме нейкай фэйкавай лібэралізацыі.
Мы прызвычаіліся думаць пра ўсе добрыя падзеі ў хуткабежным ключы. Нешта адбылося, але яно неўзабаве скончыцца, бо выбары пройдуць. Але ў 2017 годзе не было ніякіх выбараў. І ў 2018-м іх ня будзе, бо ўспрымаць усур’ёз кампанію «мясцовыя саветы» не выпадае.
Наагул культура абумоўлівае палітыку, а не наадварот. Цяпер мы ўваходзім у стадыю, калі менавіта культура пачынае ўплываць на фармаваньне ідэнтычнасьці. І з дапамогай гэтага нешта добрае і цікавае можа здарыцца і з палітыкай. Але патрэбны час.
«Магчыма, зь міністрам адукацыі неўзабаве нешта цікавае адбудзецца»
— Вы таксама пішаце пра леташні трыюмф беларускай мовы: яна шчыльна падышла да мяжы, за якой стаіць «поўны легалайз». Гэта пра вонкавы эфэкт ці пра рэальную беларусізацыю, бо для многіх гэта найперш беларускамоўныя школы, пашырэньне сфэры ўжытку беларускай мовы, інфармацыйная прастора?
— Учора я пабачыў велізарны бігборд каля Камароўкі, дзе шмат людзей ходзіць: на блакітным фоне вядоўца дзяржаўнага тэлебачаньня, якая заклікае разам размаўляць на беларускай мове. Пры гэтым ніякіх лягатыпаў таго тэлебачаньня на плякаце няма. Гэта нейкая іншая стратэгія ўцягваньня людзей у карыстаньне мовай. То бок дзяржаўныя мэдыя пачынаюць ставіцца да мовы як да асноўнага сродку фармаваньня беларускасьці.
Гэта тое, што заўсёды было ў незалежніцкіх мэдыя, што было сэрцам і галоўнай ідэяй Радыё Свабода. Цяпер мы бачым актыўную стадыю пераходу гэтага працэсу празь нябачную мяжу паміж гэтымі дзьвюма Беларусямі. І ў 2018 годзе ён будзе яшчэ шырэйшым, гледзячы па гэтых першых ластаўках, зьвязаных ужо зь візуальнай прапагандай.
— А як быць зь беларускамоўнымі школамі?
— Неафіцыйныя зьвесткі пра колькасьць беларускіх школаў у Менску не такія ўжо паганыя, як былі. Па-другое, прыйшоў міністар культуры, і, магчыма, зь міністрам адукацыі неўзабаве таксама нешта цікавае адбудзецца, дзякуючы чаму можна чакаць беларусізацыі вышэйшай адукацыі.
Мэдыя вельмі проста перавесьці на беларускую мову — толькі тумблер у нечай галаве пераключыць. Што да адукацыі, то гэта вельмі павольны працэс. Яны выводзілі беларускую мову з ужытку 25 гадоў. Каб стварыць генэрацыю беларускамоўных выкладчыкаў, таксама патрэбна шмат гадоў.
Нядаўна дэпутат Марзалюк прапанаваў выкладаць гуманітарныя прадметы па-беларуску. Я дадаў бы, што і тэхнічныя прадметы трэба выкладаць па-беларуску. Матэрыялы і тэрміналёгія для гэтага ёсьць. Трэба проста пракансультавацца з людзьмі, якія цягам 25 гадоў займаліся зьбераганьнем беларускай мовы і беларускай самасьці.
«Трэба проста распавесьці, што мы цікавыя і адрозныя ад Расеі»
— Вы выступаеце на Захадзе практычна ў якасьці неафіцыйнага амбасадара Беларусі. Як там мяняецца ўспрыманьне, стаўленьне да Беларусі?
— На жаль, асноўнай праблемай у стаўленьні Захаду да Беларусі ёсьць тое, што пра нас ніхто ня ведае. Калі кажам пра такую вялікую і, здаецца, цікаўную да інфармацыі краіну, як Нямеччына, дык у галовах большасьці Беларусь дагэтуль — гэта «рэспубліка» Савецкага Саюзу.
З артыкулаў у буйных замежных мэдыя відаць, што мы спрабуем распавядаць пра апошнія зьмены, пра «бязьвіз» ці, напрыклад, пра нейкія ІТ-штучкі. Менавіта на гэта скіраваная сёньня дзяржаўная кампанія інфармацыйнай прамоцыі Беларусі.
А трэба проста расказаць, што мы ёсьць, што мы цікавыя і адрозныя ад Расеі. Вось гэта галоўнае, бо няшмат хто ведае, што ёсьць такая краіна, якая завецца не «Вайсрусьлянд», а Беларусь, што яна ўжо 26 гадоў незалежная.
Што да абазнаных людзей, якія сочаць за навінамі, дык іхнае ўспрыманьне Беларусі значна зьмянілася апошнімі гадамі. Ня ведаю, наколькі праплачаная гэта хваля публікацыяў на Захадзе пра Беларусь як ІТ-краіну. Але яна стварае пэўны імідж. Вы вось мяне назвалі амбасадарам — я не амбасадар, а пісьменьнік, кажу пра тое, што мне блізка, пра літаратуру і культуру. Мне хацелася, каб нашыя кніжкі пачалі чытаць шырэй, чым чытаюць сёньня.
Праз кнігу можна зразумець краіну ці культуру хутчэй, чым праз публікацыю ў газэце ці ў інтэрнэце. Гэта і ёсьць маёй асноўнай інтэнцыяй — каб наша культура зрабілася заўважнай.
«Перапраграмаваць успрыманьне Беларусі як часткі СССР»
— Вы адзін з самых выдаваных сёньня за мяжой беларускіх аўтараў. Як пісаць пра Беларусь, каб гэта было цікава іншаземцам?
— Чалавек заўсёды цікавіцца тым, у чым ён крышачку пазнае сябе. Фэномэн Сьвятланы Алексіевіч палягаў у тым, што яна была часткаю велізарнае савецкае прасторы. Яна выдала значную частку сваіх кніг, апісваючы нашу велізарную еднасьць, якой больш не існуе.
Калі немец ці француз разгортвае кнігу Алексіевіч, ён разумее Беларусь зноўку як частку «чырвонага сьвету», як частку прасторы сэканд-хэнд, постсавецкага сьвету. І вялікая спакуса для маладога літаратара ўпісацца ў гэтую плынь і надалей апавядаць пра Беларусь як пра частку занядбанага Савецкага Саюзу.
Мая стратэгія ў тым, каб перапраграмаваць гэтае ўспрыманьне Беларусі, каб распавядаць пра Беларусь як пра незалежную краіну са сваёй культурай, ідэнтычнасьцю, вельмі цікавымі для Заходняй Эўропы.
Так, канцэнтрацыяй абсурду мы крышачку нагадваем пэўныя балканскія краіны. Апісваючы пэўныя нашыя штучкі, складана не ўзгадаць Кустурыцу ці сьмешныя фільмы і кніжкі пра Ўкраіну (напрыклад, «Варашылаўград» Жадана). Але тым ня менш мы эўрапейцы і менавіта гэтым мусім быць цікавыя.
Мы — краіна зь цікавай, старой, дасканалай культурай і літаратурай, з музычнай і літаратурнай традыцыяй, вартымі ўвагі.
«У Заходняй Эўропе трактары патэнцыйна меней запатрабаваныя, чым наша культура»
— Ці складана вам выступаць на Захадзе, калі афіцыйная дзяржава Беларусь і краіна з культурай, якія вы прадстаўляеце, не адно і тое самае?
— У нас зь дзяржаваю крышачку розныя інтарэсы. Мне здаецца, што дзяржаве цікава прадаваць паўсюль трактары. Мне ж цікава, каб кніжкі нашы чыталіся, нашы пісьменьнікі, музыкі карысталіся ўвагай, на якую яны заслугоўваюць.
Але апошнім часам дзякуючы дыпляматам (як Павал Латушка ці нават Уладзімер Макей) дзяржава нарэшце пачынае зьвяртаць увагу, што ня толькі трактары трэба прадаваць, што ў Заходняй Эўропе гэтыя трактары ці МАЗы патэнцыйна меней запатрабаваныя, чым наша культура.
І калі мы з дапамогаю кніжак створым нейкі прывабны, цікавы, чароўны вобраз Беларусі, дык будзе як некалі з выбухам лацінаамэрыканскай літаратуры, які запачаткаваў цікаўнасьць да ўсяго рэгіёну.
Такімі ёсьць маё памкненьне і мой спадзеў, што ўрэшце разам зь дзяржаваю пачнем больш увагі надаваць нашай нацыянальнай, цікавай, прадавальнай культуры.
Наконт «ці складана?». Калі ты прыяжджаеш у Рым, Вэнэцыю ці Флярэнцыю, у Ліён або ў Цюрых, то бачыш готыку і барока, замкі й дасканала захаваныя палацы. Пасьля гэтага ўразіць Мірскім замкам ці пяяць нешта пра страчаныя, занядбаныя Радзівілімонты, апавядаць пра хараство Віленскага барока крышачку сьмешнавата.
Але ёсьць пэўныя развароты, якія могуць быць запатрабаваныя і там. Усё ж такі тут ёсьць сваё хараство. Я магу расказаць пра тое, што ня страчвае значнасьці і велічы ў параўнаньні з Сэрвантэсам у літаратуры, з Моцартам у музыцы ці з архітэктурнымі пэрлінамі, якімі багатая Эўропа.
«Пуцін сьцягнуў мянушку „апошняй дыктатуры“»
— То бок Беларусь ужо не ўспрымаецца як апошняя дыктатура ў Эўропе?
— «Апошняя дыктатура» — гэта проста ярлык, як і «Савецкі Саюз». Калі кажаш, што ты з постсавецкай прасторы, усе адразу разумеюць, хто ты і што ты. Калі ты казаў, што зь Беларусі, якая асацыявалася з «апошняй дыктатурай», то ўжо нічога казаць ня трэба было. Гэта оптыка ўспрыманьня. І нават парадыгма, у якой ты нешта можаш сказаць, наперад вызначаная.
Цяпер гэтае слова не гучыць у дачыненьні да Беларусі. Бо побач паўстала такая Расея. Пуцін гэтую мянушку «апошняй дыктатуры» сьцягнуў. І калі мы кажам «дыктатура» ці «аўтарытарызм», то найперш маецца на ўвазе Пуцін, а не Беларусь.
Што адрозьнівае беларускую моладзь ад заходнеэўрапейскай
— Калі параўнаць моладзь у Беларусі і ў іншых эўрапейскіх краінах, чым яна адрозьніваецца?
— Наша моладзь мала чым горшая за заходнюю. Яна вельмі адрозная ад людзей маёй генэрацыі, але я не сказаў бы, што гэта адрозьненьне ў горшы бок. Людзі, узгадаваныя ў 90-х, мусілі выжываць, прыкладаць вялікія высілкі, каб апрануцца і знайсьці нейкую працу хаця б на 30 даляраў у месяц.
Цяперашняя моладзь расьце ў іншых варунках. Што яе адрозьнівае ад заходнеэўрапейскай моладзі — то гэта ўзровень культуры. Я сказаў знаёмаму немцу, што ў маёй п’есе «Кар’ера доктара Раўса», якая цяпер ідзе ў Тэатры беларускай драматургіі, у канцы, каб падкрэсьліць трагедыю Скарыны, які страціў усё, я выкарыстаў трубнае сола з Tuba Mirum Моцарта. І гэты чувак, які ня ёсьць музыкам, інтэлектуалам, пачаў распавядаць пра «Рэквіем», узгадваючы дакладныя такты Lacrimosa, пранумараваў гэтыя такты і сказаў, што праходзіў гэта ў школе.
Сярэднестатыстычны заходнеэўрапейскі маладзён ведае тры-чатыры мовы, а беларускі школьнік ці абітурыент зь цяжкасьцю можа паразумецца на ангельскай. Таму, на жаль, узровень культуры — тое, што мяне моцна турбуе. Я зыходжу з таго, што культура вызначае палітыку, грамадзкі стан і ўсё астатняе.
«Дзякуючы адраджэньню, цікаўнасьці да мовы мы маем тысячныя наклады»
— Што адбываецца зь беларускай літаратурай? Ці яна страчвае чытача?
— Наадварот. Цяпер мы здабываем таго чытача, якога недаатрымалі пісьменьнікі сярэдзіны нулявых. Дзякуючы адраджэньню, цікаўнасьці да мовы маем тысячныя наклады. Добра прагучаў Андрусь Горват, маё «Возера радасьці» мела наклад у тры тысячы, паўтары тысячы разышлося менш чым за два тыдні. Думаю, у Альгерда Бахарэвіча таксама ідзецца пра тысячы. То няма на што наракаць.
Добра было б, каб гэтая тэндэнцыя працягвалася. І каб у межах збліжэньня дзьвюх рэальнасьцяў, незалежнай і афіцыйнай, беларускія кнігавыдаўцы, якія канкуруюць зь велізарнымі расейскімі выдавецтвамі, атрымалі зьніжкі ў падатках ці нейкія льготы.
Добра было б, каб беларуская літаратура атрымала нейкую пратэкцыю, і гэта ў інтарэсах дзяржавы. Напрыклад, ва Ўкраіне была прынятая даволі дзікунская мера, якая забараняе прадаваць на тэрыторыі краіны ўсю літаратуру на расейскай мове, што друкуецца ў Расеі. Нам такога пратэкцыянізму, вядома, не трэба. Я за тое, каб расейскія кніжкі тут прадаваліся. Бо мае кніжкі таксама часткова прыходзяць сюды з Расеі. «Возера радасьці» было выдадзена ў вельмі паважаным мною выдавецкім доме «Время» ў Маскве.
Але беларуская літаратура і беларускія кнігавыдаўцы мусяць мець ільготы, бо яны занятыя сьвятой справай, яны падтрымліваюць нашу самасьць. І калі будуць ільготы, калі беларускія кніжкі будзе з ахвотай браць дзяржаўная сыстэма распаўсюду, гэта падтрымае і захавае тэндэнцыю, якую назіраем сёньня.
— Якія, на вашую думку, вынікі дыскусіі «наша — ня наша» пра Сьвятлану Алексіевіч і яе Нобэлеўскую прэмію?
— Дыскусія скончаная. Яе вынікам стаў кансэнсус: Сьвятлана Алексіевіч — гэта наш гонар. Дыскусія была важная, каб мы ўсьвядомілі, што Расея ня мае манаполіі на расейскую мову. Што беларускі пісьменьнік можа быць расейскамоўным і пры гэтым заставацца пісьменьнікам беларускім. Што беларуская літаратура можа быць дзьвюхмоўнай. І што выкідаць выбітнага, цікавага пісьменьніка зь беларускага сьвету праз тое, што ён расейскамоўны, нельга.
«Калі ўмовы ня будуць выкананыя, то з айцішнікаў проста здымуць тры скуры»
— Вышэй вы згадалі пра беларускія «ІТ-штучкі» і намаганьні дзяржавы стварыць вобраз «ІТ-краіны» ў заходняй прэсе. Нядаўна Лукашэнка падпісаў рэзанансавы «ІТ-дэкрэт». Ці зьменіць ён Беларусь?
— Праграмных прадуктаў, створаных у Беларусі, будзе больш. Пэўны бум ужо ёсьць і будзе расьці. Я б гэты дэкрэт толькі ўхваліў. Але частка, зьвязаная з блокчэйнам і крыптавалютамі, пакідае адчуваньне лёгкай іроніі. Але я ўпэўнены, што зьняцьце візавых абмежаваньняў для айцішнікаў — гэта добра.
Як удалося «праціснуць» гэты дэкрэт? Калі зьяўляюцца адмыслоўцы, якія размаўляюць на незразумелай дзяржаўным адміністратарам мове, дык да іх узьнікае давер, ім даецца карт-блянш. Наколькі ведаю, гэты карт-блянш быў дадзены на пэўных умовах, якія гучаць даволі скандальна. У гэтых адмыслоўцаў можа ўзьнікнуць адчуваньне, што яны ўсіх абдурылі.
Але калі ўмовы ня будуць выкананыя (а ёсьць адчуваньне, што яны занадта аптымістычныя), то зь іх проста здымуць тры скуры. Яны пашкадуюць, што паабяцалі больш, чым могуць выканаць.
Хаця, магчыма, лічбы, што яны называлі на сустрэчах, рэальныя, і мы здолеем вытвараць у пэрспэктыве 50 мільярдаў даляраў на ІТ-прадукце. Тады гэта будзе сэнсацыя і гэта будзе крута.
«Літаратура стала іншай пад уплывам твітэру і сацыяльных сетак»
— Як новыя тэхналёгіі ўплываюць на літаратуру?
— Літаратура ўжо стала іншай. Пад уплывам твітэру, сацыяльных сетак і таго, што кожны можа стварыць тэкст. Тэксты людзей, якія колісь называлі сябе пісьменьнікамі, цяпер проста сярод многіх тэкстаў, якія ствараюцца штодзённа. Усё гэта ўжо зьмяніла літаратуру. Я нават думаў напісаць пра гэта дасьледаваньне. Пра тое, як твітэр зьмяніў пісьменства.
Памеры раману зьменшыліся. Тое, што раней называлі аповесьцю, цяпер усё часьцей называюць раманам. Бо прачытаць вялікі тэкст для насельніцтва лічбавай плянэты, увесь час утыкнутага ў нейкія мэдыя, робіцца складанай задачкай. І праз тое ад пісьменьнікаў падарунак: вось мы даем вам сто старонак, называем гэта раманам, а вы можаце казаць, што прачыталі новы раман.
Я ў гэтыя гульні не гуляю і цяпер працую менавіта над клясычным раманам, даволі вялікім. Але ён будзе прысьвечаны сьвету без тэхналёгіяў. Раман «Ноч» — пра «блэкаўт», пра тое, што здарыцца, калі ўсе прылады выключацца. Там усё маё стаўленьне да гаджэтаў і лічбавых уплываў на літаратуру будзе раскрыта напоўніцу.
— Бачу вашу прысутнасьць у сацыяльных сетках, але там дагэтуль няма, напрыклад, Уладзімера Арлова ці Алеся Разанава...
— Я там прысутнічаю, бо ў людзей маёй генэрацыі, адрозна ад людзей генэрацыі Алеся Разанава, тканіну быцьця, на жаль, ствараюць ня гэтулькі шум галінак у блакітным небе, колькі «галівары» і «гайпы» ў сетках.
Каб разумець гэтых людзей, трэба быць поруч зь імі. Калі пісьменьнік выдаляецца з гэтага дзярма і ператвараецца ў такога анёлка, які па-над «гайпам», ён губляе сувязь з тымі, хто потым будзе яго чытачом.
Вядома, я чытаю Алеся Разанава і ўсе кніжкі Ўладзімера Арлова. Але яны зь іншай генэрацыі. Яны багі і маюць на гэта права. Багі маёй генэрацыі будуць іншымі.
Знакаміты расейскі пісьменьнік Дзьмітрый Глухоўскі, які напісаў «Мэтро 2033», стварыў свой першы празаічны рэалістычны тэкст, які шырока абмяркоўваецца ў Расеі і, падобна, атрымае некалькі важных літаратурных узнагародаў. Гэты тэкст цалкам прысьвечаны таму, што робіць з чалавекам мабільны тэлефон. Ён пра тое, як нашая душа ўжо сёньня цалкам можа быць вывучана паводле складу нашых мабільных прыладаў. Гэта цудоўны тэкст і прыклад таго, як пільны творца з паўсядзённага дзярма, зь лічбавага трэшу і сьмецьця можа стварыць нешта прыгожае і трапнае.
— Але вы самі пішаце пра небясьпеку страты ўнутранага голасу ад безупыннага знаходжаньня ў сацсетках.
— За нейкі час да пісаньня і на час пісаньня я ўключаю рэжым лічбавага маўчаньня. Калі працую над раманам, то стасуюся з сацыяльнымі сеткамі толькі праз пасярэдніцтва. Калі мне трэба нейкі пост разьмясьціць, карыстаюся праграмай, якая гэта робіць бяз выхаду ў сетку, каб не бачыць, што там адбываецца. Уваходжу ў такі рэжым схімы, пачынаю лічбава пасьціцца. Гэта поўны ігнор сетак, бо яны насамрэч адцягваюць.
Што да маёй прысутнасьці, то прыкладна зь вясны 2017 году, калі я зразумеў, што гэта небясьпечна, я проста менш пішу. Магу чытаць, нейкія кароткія пазнакі рабіць, але не пішу паўнавартасных пастоў. Не зьмяшчаю іх у фэйсбуку, бо гэта вымае энэргію зь літаратурных тэкстаў.
«Каб увесь час адчуваць жыцьцё абвострана, трэба зьмяняць умовы»
— Вы часта бываеце за мяжой, больш за паўгода правялі там летась. Ці гэта нейкая добраахвотная эміграцыя?
— Гэта проста сродак мець вочы ўвесь час шырока раскрытымі. Бо быцьцё тут і цяпер патрабуе пэўнага дыскамфорту. Каб увесь час адчуваць жыцьцё абвострана, трэба час ад часу зьмяняць умовы і нейкія контуры рэальнасьці, у якую ты зьмешчаны. Я быў бы рады выкладаць у якім-небудзь унівэрсытэце дысцыпліны, якія мне цікавыя. Напрыклад, гісторыю мастацтва, мэдыйную навуку і гэтак далей.
У той момант, калі я атрымаю прафэсарскую стаўку ў якім-небудзь беларускім унівэрсытэце, я пачну значна меней езьдзіць, чым цяпер. Сёньня ж мушу зарабляць, вырабляць сябе як выкладчыка і прафэсара менавіта за мяжой. Думаю, што гэта калі-небудзь прыдасца.