Twitter адмовіўся заблякаваць Дональда Трампа

Кампанія Twitter заявіла, што акаўнты, якія належаць усясьветным лідэрам у яе сацыяльнай сетцы, маюць асаблівы статус.

Заява кампаніі зьявілася ў карпаратыўным блогу ў адказ на патрабаваньні забаніць у Твітары прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.

«Блякаваньне ўсясьветных лідэраў або выдаленьне іх супярэчлівых твітаў прывядзе да ўтойваньня важнай інфармацыі».

Раней Twitter дэкляравала, што расцэньвае супярэчлівыя твіты з гледзішча, сярод іншага, іх навіннай каштоўнасьці і грамадзкага значэньня.

Дэбаты пра твіты Дональда Трампа, які карыстаецца асабістым акаўнтам @realDonaldTrump, успыхнулі з новай сілай пасьля таго, як ён напісаў, што яго «ядзерная кнопка» значна большая, чым у паўночнакарэйскага лідэра Кім Чэн Ына.

Твіт Дональда Трампа

Крытыкі кажуць, што прысутнасьць Трампа ў гэтай сацыяльнай сетцы пагражае міру і парушае забарону на публікацыю твітаў з пагрозамі. У сераду ў штаб-кватэры Twitter у Сан-Францыска прайшла нават невялікая акцыя пратэсту.

У навагоднім звароце лідэр КНДР Кім Чэн Ын заявіў, што на ягоным стале «заўсёды ляжыць ядзерная кнопка», дадаўшы, што гэта «рэальнасьць, а не пагроза». Таксама лідэр КНДР запрасіў Паўднёвую Карэю аднавіць перамовы на высокім узроўні, у прыватнасьці наконт удзелу КНДР у Алімпійскіх гульнях у Пхёнчхане.