«Я ніколі не прасіў палітычнага прытулку ва Ўкраіне. Я ва Ўкраіне папрасіў статус асаблівай абароны. Гэта статус, які не дазваляе рабіць нейкія дзеяньні ў дачыненьні да мяне да моманту, пакуль я не вярну сабе ўкраінскае грамадзянства. Я не прасіў, і ня буду прасіць статус палітычнага ўцекача ні ў адной краіне», — кажа Саакашвілі.
Пры гэтым Саакашвілі абвінаваціў у змове супраць яго ўлады Украіны і Грузіі.
«У ліпені мінулага году, знаходзячыся з афіцыйным візытам, прэзыдэнт [Украіны Пятро] Парашэнка сустрэўся ў Батумі з алігархам [Бідзінам] Іванішвілі (былы прэм’ер Грузіі і заснавальнік праўладнай партыі «Грузінская мара» — РС). Яны дамовіліся аб сумесных дзеяньнях супраць мяне. Пасьля гэтага Парашэнка пазбавіў мяне ўкраінскага грамадзянства, а грузіны прысьпешылі суды супраць мяне»,— сказаў Саакашвілі.
Your browser doesn’t support HTML5
Прэзыдэнт Грузіі Георгій Маргвэлашвілі назваў прысуд Міхэілу Саакашвілі «абуральным». (Маргвэлашвілі быў стаўленікам Бідзіны Іванішвілі на пасаду прэзыдэнта, але адразу ж пасьля абраньня пачаў дыстанцыявацца ад яго і ад партыі «Грузінская мара»).
Суд у Тбілісі 5 студзеня завочна асудзіў Міхаіла Саакашвілі на тры гады турэмнага зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым па артыкуле «злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі». Справа разглядалася два гады.
Гэта першы прысуд у дачыненьні да палітыка, які дае падставы для яго экстрадыцыі з Украіны ў Грузію.
Прысуд вынесьлі па справе Аляксандра Гіргвэліяні — супрацоўніка «Аб’яднанага банку Грузіі».
Гіргвэліяні быў выкрадзены ў 2006 годзе пасьля сваркі з супрацоўнікам міністэрства ўнутраных справаў у адным з рэстаранаў грузінскай сталіцы. Пазьней ён быў знойдзены мёртвым у яры пад Тбілісі. У тым жа годзе суд прызнаў вінаватым у яго гібелі чатырох супрацоўнікаў МУС, прысудзіўшы іх да турмы тэрмінам ад сямі да васьмі гадоў. Але асуджаныя адседзелі толькі палову тэрміну.
Паводле вэрсіі абвінавачваньня, Саакашвілі спрыяў фальсыфікацыі сьледзтва і незаконна памілаваў забойцаў.
Супраць Міхаіла Саакашвілі ў Грузіі распачалі яшчэ некалькі крымінальных спраў. Яго вінавацяць у арганізацыі зьбіцьця дэпутата і бізнэсмэна Валерыя Гелашвілі, які абразіў ў адным з інтэрвію жонку Саакашвілі, у растраце бюджэтных сродкаў і разгоне пратэстаў у лістападзе 2007 года. Супраць бяззбройных дэманстрантаў ўжываліся гумовыя кулі, хоць у заканадаўстве няма прамога дазволу на іх выкарыстаньне.