Хто будзе лічыць галасы на мясцовых выбарах у Беларусі: 5 галоўных прыкметаў

Падчас выбараў у мясцовыя саветы 2014 году.

З усіх апазыцыйных партый толькі 26 чалавек трапілі ва ўчастковыя камісіі на выбарах у мясцовыя саветы, што пройдуць 18 лютага. Для параўнаньня, ад адной толькі праўладнай Партыі працы і справядлівасьці — болей за тысячу чалавек.

Цэнтральная выбарчая камісія 5 студзеня абнародавала зьвесткі пра склад участковых выбарчых камісій на мясцовых выбарах 2018 году.

Свабода параўнала сьвежыя лічбы з аналягічнымі чатырохгадовай даўнасьці, калі ў Беларусі праходзіла папярэдняя кампанія абраньня дэпутатаў мясцовых саветаў. З супастаўленьня праглядаюцца наступныя тэндэнцыі.

1. Правяраць і лічыць бюлетэні (а гэта асноўная функцыя ўчастковых камісій) па-ранейшаму будуць жанчыны: сёлета іх у камісіях — 72,58%. Чатыры гады таму яны складалі 71,2%.

2. Як і чатыры гады таму, сёлета найбольшая колькасьць чальцоў участковых камісій адабраная з вылучэнцаў грамадзкіх аб’яднаньняў. Іх цяпер 52,75% ад агульнай колькасьці. У 2014 годзе было 45,9%.

3. Надзіва мала ў камісіях вылучэнцаў ад палітычных партый. Сёлета іх ад агульнай колькасьці чальцоў камісій 5,59%. Гэта крыху болей, чым чатыры гады таму, калі партыйцы складалі 4,1%.

4. Па-ранейшаму выглядае, што ёсьць партыі любімыя і нелюбімыя ўладамі, бо якраз мясцовыя ўлады і зацьвярджаюць склад участковых камісій.

Сёлета апазыцыйныя партыі разам маюць у камісіях толькі 26 чалавек: «Справядлівы сьвет» — 18, партыя БНФ — 4, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) — 3, Аб’яднаная грамадзянская партыя — 1. У той жа час партыі, якія публічна заяўляюць аб падтрымцы дзейнай улады, маюць ва ўчастковых камісіях у шмат разоў большае прадстаўніцтва. Так, толькі з адной Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці ў камісіі ўключылі аж 1018 чалавек, а ад Камуністычнай партыі Беларусі — 779.

Чатыры гады таму апазыцыя мела ў камісіях 23 сваіх партыйцаў: «Справядлівы сьвет» — 12, партыя БНФ — 6, АГП — 3, БСДП (Грамада) — 2.

5. Пяцёрка лідэраў у камісіях ад беспартыйных грамадзкіх аб’яднаньняў застаецца нязьменнай параўнальна зь мінулымі выбарамі. Гэта — «Белая Русь», БРСМ, Беларускі саюз жанчын, Беларускае грамадзкае аб’яднаньне вэтэранаў, Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Іх агульнае прадстаўніцтва ва ўчастковых камісіях — 37,59%.

Чатыры гады таму ў гэтай пяцёркі было 34,2%.

На прыкладзе Гарадзеншчыны: «Якія выбары, столькі і ахвотных браць у іх удзел»

На Гарадзеншчыне абсалютна ўсе ўчастковыя камісіі — без апазыцыі

Пра тое, як улады фармавалі ўчастковыя камісіі, Свабода расказвае на прыкладзе Горадзенскай вобласьці.

Апазыцыйныя партыі ў вобласьці вылучалі сваіх прадстаўнікоў толькі ў двух гарадах: 8 чалавек у Горадні і 5 — у Слоніме.

Віктар Сазонаў

Праваабаронца Віктар Сазонаў, які прысутнічаў пры фармаваньні камісій у Горадні, кажа, што працэс адбываўся па ўжо звыклай, адпрацаванай схеме: прозьвішчы зачыталі агульным сьпісам, пытаньняў ніхто не задаваў, зацьвярджалі галасаваньнем.

«Кінулася ў вочы тое, што большасьць чальцоў участковых камісій — тыя ж прадстаўнікі ад працоўных калектываў, „Белай Русі“, БРСМ, саюзаў жанчын, вэтэранаў і іншых праўладных грамадзкіх арганізацый, якія былі ў іх складзе і на папярэдніх выбарах», — кажа праваабаронца.

У Слоніме сытуацыя падобная. Сябра БХД Алесь Масюк расчараваны.

«Адпачатку надзея заўсёды ёсьць. Але калі пабачыш, як фармуюцца камісіі, то адразу разумееш, што нічога не зьмянілася і ніякіх выбараў, на жаль, няма», — кажа прадстаўнік хрысьціянскай дэмакратыі.

Вадзім Саранчукоў

Кіраўнік Гарадзенскай арганізацыі БНФ Вадзім Саранчукоў, які адзіны ад партыі ў абласным цэнтры вылучаецца кандыдатам у дэпутаты, кажа, што ніхто зь сябраў партыі не захацеў вылучацца ні ў кандыдаты, ні тым больш у склад участковых камісій.

«Якія выбары, столькі і ахвотных браць у іх удзел», — падсумоўвае Саранчукоў.

У Лідзкім, Івейскім, Наваградзкім, Астравецкім, Смаргонскім раёнах, дзе прадстаўнікі апазыцыі зьбіраюцца вылучацца ў дэпутаты, нікога ад апазыцыйных партый ва ўчастковыя камісіі наагул не вылучалі.

Сяргей Верамеенка

Сябра БХД Сяргей Верамеенка, які пабываў у некаторых з гэтых раёнаў падчас збору подпісаў, прыйшоў да высновы, што выбарчая кампанія не цікавіць ня толькі сябраў апазыцыйных партый, але і наагул выбарнікаў.

«Ад гэтых выбараў ніхто нічога не чакае, і ніхто нічога ня хоча рабіць, бо ня бачаць аніякіх пэрспэктываў», — кажа Верамеенка.