У анэксаваным Расеяй Крыме узмацняецца ціск на крымскіх татараў, заявіў у эфіры «5 каналу» старшыня Мэджлісу крымскататарскага народу Рэфат Чубараў.
«Колькасьць тых, каго мы адносім да палітвязьняў, гэта значыць людзей, якія пазбаўленыя волі і знаходзяцца за кратамі ці то ў штрафных ізалятарах, ці то ўжо атрымаўшы так званыя судовыя прысуды, або судовымі прысудамі абмежаваныя ў руху па Крыме — такіх людзей больш за 60. І я не кажу пра тых людзей, якія атрымліваюць велізарныя грашовыя штрафы. Іх ужо некалькі сотняў», — сказаў Чубараў.
«Колькасьць дзяцей, якія засталіся без бацькоў, паколькі тыя знаходзяцца за кратамі, ужо перавысіла сотню. Мы іх лічым, таму што яны маюць патрэбу ў дапамозе», — дадаў ён.
19 сьнежня Генэральная Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю па правах чалавека ў анэксаваным Крыме. У дакумэнце ўтрымліваецца патрабаваньне да Расеі выканаць часовыя меры рэкамэндацый Міжнароднага суду ААН. Гаворка ідзе пра адмену забароны Мэджлісу крымскататарскага народу і забесьпячэньне навучаньня на ўкраінскай і крымскататарскай мовах у Крыме.