Пра гэта было абвешчана па выніках праведзенай у чацьвер тэлефоннай размовы прэзыдэнтаў дзьвюх краін — Дональда Трампа і Мун Чжэ Яна. Паведамляецца, што Трамп мае намер накіраваць на Алімпіяду прадстаўнічую амэрыканскую дэлегацыю, у якую ўвойдуць і яго сямейнікі.
У ходзе размовы Трамп вітаў адноўлены дыялёг паміж КНДР і Паўднёвай Карэяй — паведамляе афіцыйны Сэул. У твітэры прэзыдэнт ЗША назваў аднаўленьне кантактаў Сеулу і Пхэньяну «добрай справай», адзначыўшы сваю ролю ў дасягненьні выніку: «няўжо нехта думае, што дыялёг паміж Паўночнай і Паўднёвай Карэяй быў бы магчымы без маёй цьвёрдай і моцнай пазыцыі і гатоўнасьці выкарыстаць усю нашу моц супраць Паўночнай Карэі,» — напісаў Трамп.
Пхэньян раней рэзка асуджаў пляны правесьці вучэньні падчас Алімпіяды, сьцьвярджаючы, што гаворка ідзе пра падрыхтоўку да ўварваньня ў КНДР.
Лідэр Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын у сераду загадаў пачаць перамовы з Паўднёвай Карэяй праз спэцыяльную закрытую лінію сувязі ў дэмілітарызаванай зоне на мяжы дзьвюх краін. Сэул вітаў гэты крок. Першыя кантакты з выкарыстаньнем гэтай лініі ў чацьвер, аднак, не прывялі да нейкіх дамоўленасьцяў аб пачатку поўнафарматных перамоваў.