Сапанькоў піша, што, паводле папярэдніх дадзеных, пашкоджаныя шэсьць франтавых бамбавікоў Су-24, зьнішчальнік Су-35С, транспартны самалёт Ан-72, выведны Ан-30 і верталёт Мі-8. Журналіст дадаў, што тры самалёты пачынілі, а лёс астатніх невядомы. Газэта «Коммерсантъ» раней паведамляла, што пры абстрэле базы былі пашкоджаныя сем расейскіх самалётаў. Выданьне спасылалася на вайсковыя і дыпляматычныя крыніцы.
У Міністэрстве абароны Расеі ў чацьвер пацьвердзілі інфармацыю СМІ аб абстрэле зь мінамётаў авіябазы Хмэймім 31 сьнежня і паведамілі пра двух загінулых вайскоўцаў. Пры гэтым у ведамстве назвалі «фэйкам» паведамленьне газэты «Коммерсантъ» пра зьнішчэньне самалётаў.
Летась 11 сьнежня авіябазу Хмэймім наведаў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, які абвясьціў там пра вывад расейскай групоўкі з Сырыі. Расейскія базы ў краіне, аднак, застаюцца, а расейская авіяцыя працягвае аказваць дапамогу войскам сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада. Паводле паведамленьняў заходніх і расейскіх СМІ, толькі за 2017 год у Сырыі загінулі прынамсі 40 расейскіх вайскоўцаў.