МакМастэр лічыць неабходным супрацьстаяць «вельмі прасунутай новай стратэгіі», якую Расея магла выкарыстоўваць для ўмяшаньня ў выбарчыя працэсы ў многіх краінах сьвету. Па словах дарадцы, Масква ўдасканаліла стратэгію за кошт дэзынфармацыі і прапаганды ў сацыяльных сетках. Расея, паводле МакМастэра, ставіць сваёй мэтай унесьці разлад і настроіць розныя палітычныя групы адзін супраць аднаго.
Па словах дарадцы прэзыдэнта ЗША, Крэмль не абмежаваўся ўмяшальніцтвам у амэрыканскую выбарчую кампанію. МакМастэр перакананы, што Расея ўмешвалася таксама ў выбары ў Францыі і рэфэрэндум у Каталёніі.
«Сарваць заслону з расейскай кампаніі дэстабілізацыі — гэта першы важны крок, які дазволіць усім убачыць сапраўдныя намеры Расеі», — сказаў МакМастэр.
Дарадца перакананы, што Расея заплаціць сваёй жа рэпутацыяй за анэксію Крыма, падтрымку сэпаратыстаў ва Ўкраіне і падтрымку сырыйскага рэжыму, які нясе адказнасьць «за масавыя забойствы ўласных грамадзян з выкарыстаньнем хімічнай зброі».
Масква сваё ўмяшаньне ў справы іншых дзяржаў катэгарычна адмаўляе.